У Беларусі не будзе ўводзіцца дыстанцыйнае галасаванне на выбарах



У Беларусі не будуць практыкаваць дыстанцыйнае электроннае галасаванне на выбарах, вынікае з адказу старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай на калектыўны зварот грамадзян, якія прапаноўвалі ўкараніць сістэму галасавання праз інтэрнэт.

Адпаведны зварот, апублікаваны на сайце petitions.by, падпісалі 218 інтэрнэт-карыстальнікаў. У ім Цэнтрвыбаркаму прапаноўвалася „стварыць сайт, куды грамадзяне Рэспублікі Беларусь будуць заходзіць, рэгістравацца, атрымліваць код пацвярджэння і галасаваць”. На думку аўтараў звароту, гэта дазволіць адмовіцца ад выбарчых участкаў, фарміраванне якіх патрабуе бюджэтных выдаткаў.

У адказе за подпісам Ярмошынай, які размешчаны пад зваротам, гаворыцца, што ўвядзенне дыстанцыйнага электроннага галасавання „патрабуе як яго заканадаўчага рэгулявання, так і значных фінансавых выдаткаў на распрацоўку праграмнага забеспячэння для працэдуры галасавання, абароны перадачы вынікаў волевыяўлення выбаршчыкаў, захавання таямніцы галасавання”.

„Пры гэтым лічым дарэчным заўважыць, што вопыт прымянення такога галасавання ў замежных краінах паказвае, што працэнт тых, хто галасуе пры дапамозе інтэрнэту, ва ўсіх краінах, як правіла, нізкі, і ўсе падобныя працэдуры праводзяцца на ўзроўні сацыяльнага і прававога эксперыменту”, — падкрэсліла яна.

У той жа час Ярмошына адзначыла, што ЦВК лічыць мэтазгодным у перспектыве ўкараніць сістэму дыстанцыйнага галасавання праз інтэрнэт „для грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой”.

belapan.by