Пікеты за Святлану Ціханоўскую – па ўсёй Гарадзеншчыне



Пакуль у Менску ў прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай адбываюцца вобшукі, яе прыхільнікі на Гарадзеншчыне праводзяць пікеты па зборы подпісаў па ўсёй вобласці. Ужо адбыліся пікеты ў Ваўкавыску ды Шчучыне, Ражанцы і Слоніме.

Зборшчыкі подпісаў у сваім тэлеграм-канале «Гродно для жизни» папярэджваюць, што з-за таго, што колькасць ініцыятыўнай групы па Гарадзенскай вобласці самая малая, ім не заўсёды ўдаецца даехаць да аддаленых населеных пунктаў. Усяго па Гарадзеншчыне ЦВК зарэгістравала 7 прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую незалежна ад надвор’я адбываецца ў цэнтры Гародні на Савецкай плошчы штодня з 17.00, а другой кропкай сталі Рынкі Паўднёвы і Скідзельскі, дзе подпісы збіраюць з 11 да 15.00.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня