„Вітэн” выйшаў у фінал чэмпіянату Беларусі па міні-футболе і згуляе з ВРЗ
Аршанскі „Вітэн” стаў другім фіналістам чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У вырашальным матчы паўфінальнай серыі аршанцы перамаглі на сваёй пляцоўцы цяпер ужо экс-чэмпіёна краіны „Сталіцу” з лікам 4:2. На 9-й хвіліне гульні лік адкрыў Антон Гусакоў, а затым хет-трык аформіў Арцём Рось. У складзе гасцей вызначыліся Алег Гарбенка і Мікалай Грыцына. У першым паўфінальным паядынку „Вітэн” дома выйграў з мінімальным перавагай 1:0, а затым у Менску „Сталіца” перамагла ў авертайме з лікам 9:7. Таксама ў іншым вырашальным паядынку паўфінальнай серыі спартоўцы гомельскага ВРЗ перайгралі землякоў з БЧ 2:1. У іх стартавай сустрэчы паўфінальнай серыі ВРЗ таксама выйграў з лікам 2:1, а потым БЧ узяў рэванш — 5:2.
Максім Валадзько працягнуў кантракт з тульскім „Арсеналам”
Беларускі абаронца Максім Валадзько працягнуў кантракт з тульскім „Арсеналам”. Пра гэта паведамляе прэс-служба „пушкароў”. Новае пагадненне сапраўднае да канца гэтага сезона. „Арсенал”, набраўшы ў 22 турах 28 ачкоў, займае сёмае месца ў турнірнай табліцы расейскай прэм’ер-лігі. Рэстарт РПЛ запланаваны на 19 чэрвеня.
Арцём Кулак ў новым сезоне будзе выступаць у складзе „Чэхаўскіх Мядзведзяў”
Беларускі разыгрываючы Арцём Кулак ў новым сезоне будзе выступаць у складзе гандбольнага клуба „Чэхаўскія Мядзведзі”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт падмаскоўнага клуба. Кантракт з Арцёмам Кулаком разлічаны да 2022 года. Арцём Кулак – першы беларускі легіянер у складзе „Чэхаўскіх Мядзведзяў”. Вялікую частку кар’еры 24-гадовы гулец выступаў у БГК імя Мяшкова, з якім пяць разоў выйграваў чэмпіянат краіны. Гандбаліст мае багаты вопыт сустрэч на еўраарэне, а таксама ўваходзіць у кола кандыдатаў у зборную Беларусі.
Беларускі гандбаліст Барыс Пухоўскі працягнуў кантракт з „Маторам”
Беларускі гандбаліст Барыс Пухоўскі яшчэ на год працягнуў кантракт з Запарожскім „Маторам”. Для аднаго з лідараў беларускай зборнай гэта будзе ўжо шосты сезон у складзе чэмпіёнаў Украіны. Акрамя Барыса Пухоўскага ў „Маторы” з 2017 года выступае яшчэ адзін беларус Максім Бабічаў. З наступнага сезону да іх далучацца яшчэ два беларускія гандбалісты – галкіпер Іван Мароз і лінейны Вячаслаў Бохан, якія гулялі ў мінулым сезоне ў складзе менскага СКА.
„Юнацтва” і „Нёман” даведаліся сапернікаў па 1/16 фіналу Лігі чэмпіёнаў
У Цюрыху завяршылася лёсаванне галоўнага клубнага турніру Еўропы. „Юнацтва” і „Нёман” даведаліся сапернікаў у Лізе чэмпіёнаў. З-за пандэміі каронавіруса турнір возьме старт са стадыі 1/16 фіналу. Групавога этапу не будзе. „Юнацтва” згуляе з чэшскім „Тршынецам”. Супернікам гарадзенскага „Нёмана” стане шведская „Фрэлунда”. Каманда з’яўляецца трымальнікам тытула.
Польскі форвард Гжэгаж Пасют, якім цікавіўся „Нёман”, падпісаў кантракт на радзіме
Польскі нападнік Гжэгаж Пасют, да якога выяўляў цікавасць гарадзенскі „Нёман”, падпісаў гадавы кантракт з „ГКС Катавіцы”, – паведамляе „БХ”.
У мінулым рэгулярным сезоне 33-гадовы Пасют набраў 36 (10 + 26) ачкоў у 33 гульнях за „ГКС Катавіцы” і дадаў 7 (2 + 5) балаў у 6 гульнях плэй-оф. У сезонах-2016/17 i -2017/18 Пасют абараняў колеры „Нёмана”, дзе набраў 69 (22 + 47) балаў у 82 гульнях „рэгуляркі” і 13 (5 + 8) ачкоў у 23 матчах плэй-оф. Гжэгаж з’яўляецца двухразовым чэмпіёнам Беларусі і пяціразовым чэмпіёнам Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя