Рух Салідарнасці „Разам”: “Не – выбарчаму фарсу 9 жніўня!”



Рух Салідарнасці „Разам” прыняў чарговую заяву, у якой выказаў сваё стаўленне да так званых „прэзідэнцкіх выбараў” і заклікаў да вызвалення незаконна пераследаваных грамадскіх актывістаў. У заяве гаворыцца наступнае:

“Не – выбарчаму фарсу 9 жніўня!”

Сённяшнія ўлады ў Беларусі ажыццяўляюць чарговую спецаперацыю пад назвай “выбары-2020”.

Ва ўмовах пандэміі новага каронавіруса, якая ў Беларусі набыла катастрафічныя маштабы ў выніку злачынных дзеянняў улады, правядзенне чарговых масавых мерапрыемстваў з мэтай сімуляцыі легітымнасці А.Лукашэнкі, – гэта падвойнае злачынства. Дыктатар свядома арганізаваў вірусны генацыд беларусаў, ператварыўшы Беларусь у закрытае гета, дзе спрабуе зрабіць немагчымымі ні прысутнасць міжнародных назіральнікаў, ні масавы мірны пратэст грамадзянаў супраць фальсіфікацыяў.

Сёлетняя кампанія па пераабранні А. Лукашэнкі на чарговы тэрмін адразу пайшла па сілавым сцэнары: рэпрэсіі распачаліся непасрэдна ў “перадвыбарчы” перыяд, а не пасля даты “выбараў”, як было раней, – у 2001, 2006, 2010, 2015 гадах. Непасрэдна зараз улады запусцілі механізм рэпрэсій не толькі ў дачыненні да магчымых кандыдатаў, сябраў іх ініцыятыўных групаў, грамадзянаў, якія прыйшлі паставіць свае подпісы, але і лідараў ды актывістаў апазіцыі, якія заўжды прымалі  ўдзел у акцыях у абарону Незалежнасці Беларусі. Непасрэдна зараз адбываюцца незаконныя масавыя затрыманні мірных грамадзянаў, незаконныя вобшукі, выкраданні людзей, арышты “на суткі”, штрафы, гучаць наўпроставыя пагрозы і абразы на адрас будучых кандыдатаў і грамадзянаў Беларусі непасрэдна ад А. Лукашэнкі, ад сілавых кіраўнікоў, нагнятаецца істэрыя на БТ, робяцца заказныя рэпартажы з мэтай запалохаць беларусаў, маргіналізаваць мірны пратэст супраць парушэння правоў і свабодаў грамадзянаў.

Абурэнне выклікае ганебная правакацыя супраць аднаго з “кандыдатаў пратэсту”, блогера Сяргея Ціханоўскага, арганізаваная  сілавікамі падчас легальнага пікета па збору подпісаў у Гародні, з мэтай фабрыкацыі крымінальнай справы.

Палітычныя рэпрэсіі рэжыму радыкалізуюць і беларускае грамадства, і магчымых кандыдатаў, і аб’ектыўна дапамагаюць імперскім планам Масквы па знішчэнні Незалежнасці Беларусі.

Рух Салідарнасці “Разам” выступае супраць удзелу ў выбарчым фарсе, супраць уцягвання людзей у “выбары” падчас пашырэння каронавіруснай эпідэміі ў Беларусі.

Нацыянальная будучыня беларусаў – у адкрытым змаганні супраць антынароднай гэбісцкай сістэмы за свабоду беларускага народа і за беларускія нацыянальныя інтарэсы.

Мы патрабуем ад сённяшняй улады спынення палітычных рэпрэсій і адмовы ад “выбараў” 9 жніўня ва ўмовах эпідэміі!

Мы патрабуем вызвалення палітвязняў!

Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць падтрымаць нашы лозунгі:

Свабоду Мікалаю Статкевічу!

Свабоду Сяргею Ціханоўскаму!

Свабоду Максу Вінярскаму!

Свабоду Дзянісу Урбановічу!

Свабоду палітвязням!

Не – выбарчаму фарсу!

Жыве Беларусь!

04.06.2020 г.

г. Менск.”.