Польшча накіравала ў Беларусь другую партыю гуманітарнай дапамогі (абноўлена)
5 мільёнаў масак, 250 000 літраў вадкасці для дэзынфекцыі, 30 апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх і 21 тысяча ўпаковак лекаў была перададзена Беларусі з Польшчы. Калона сёння пакінула Варшаву, нядаўна прайшла праз Саколку.
35 аўтамабіляў, большасць грузавікоў Дзяржаўнай пажарнай службы і памежнай аховы, якія суправаджаюцца міліцыяй, рухаюцца да мяжы з Беларуссю. Мэта – Менск і Гародня. Калона настолькі вялікая, што дзеліцца на пяць калон, каб забяспечыць бесперашкодны пераезд.
Грузавікі, з велізарнымі надпісамі на беларускай і польскай мовах, якія паведамляюць, што гэта дапамога з Польшчы, былі загружаныя 1 мільёнам медыцынскіх масак, 4 мільёнамі ахоўных масак, 250 000 літрамі дэзынфікуючай вадкасці, 50 тысячамі фартухоў і камбінезонаў, 20 тысячамі шлемаў і 30 апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх і 21 тысяччу ўпакоўкамі лекаў.
Паездка групы была арганізавана канцылярыяй прэм’ер-міністра сумесна з Міністэрствам замежных спраў.
– Мабыць, гэта самы вялікі гуманітарны транспарт у гісторыі Трэцяй Рэчы Паспалітай, – сказаў кіраўнік канцылярыі прэмʼер-міністра Міхал Дворчык, развітваючыся з адʼязджаючымі пажарнымі, памежнікамі і міліцыянтамі. Ён адзначыў, што хоць Польшча, як і ўсе краіны свету, змагаецца з пандэміяй, яна ўсё яшчэ дзеліцца са сваімі сябрамі тым, што мае. «Гэта выказванне нашай салідарнасці», – сказаў ён.
Ён абвясціў, што ахоўныя маскі, медыцынскае абсталяванне і медыкаменты будуць накіраваныя да медыкаў і людзей, якія маюць у гэтым патрэбу. Частка ахоўных сродкаў і медыкаментаў прызначана палякам Гарадзенскай вобласці.
Намеснік міністра замежных спраў Павел Яблоньскі адзначыў, што падтрымка нашых суседзяў, якія маюць патрэбу, паўплывае на ўмацаванне адносін паміж Польшчай і Беларуссю. Ён растлумачыў, што добрасуседскія адносіны ўмацоўваюцца не толькі ў выніку афіцыйных перамоў, але перш за ўсё дзякуючы непасрэднаму супрацоўніцтву і дапамозе паміж установамі і жыхарамі абедзвюх краін. Ён адзначыў, што Польшча выдзяляе ўсё больш і больш рэсурсаў для гуманітарнай дапамогі, бо гэта таксама служыць для фармавання іміджу нашай краіны ў свеце.
Пасол Беларусі ў Польшчы Уладзімір Чушаў, падзякаваўшы за падарунак, падкрэсліў, што гэта высакародны жэст з боку Польшчы. Ён выказаў перакананне, што ахоўнае і медыцынскае абсталяванне паспрыяе пераадоленню пандэміі ў Беларусі. Цытуючы – «нашага і вашага Адама Міцкевіча», – ён сказаў: – Вы сустракаеце сапраўдных сяброў у бядзе.
***
47 грузавікоў з 300 тонамі гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19 выправіліся з Польшчы ў Беларусь у чацвер, 4 чэрвеня.
5 чэрвеня груз прыбудзе на Гарадзеншчыну і ў Менск, паведаміла польская амбасада. Грузавікі вязуць 1000 кубаметраў грузу, у тым ліку маскі, лекі, тэсты на каронавірус, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх. Гэта ўжо другая партыя гуманітарнай дапамогі, прызначаная для Беларусі.
Як падкрэсліў дзяржсакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык, гэта найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі ў гісторыі сучаснай Польшчы. Яе даставяць у шпіталі Гарадзенскай вобласці і Менску. Плануецца, што грузавікі перасякуць мяжу 5 чэрвеня каля 6:30 раніцы ў пункце пропуску «Кузніца Беластоцкая – Брузгі» і прыбудуць у Менск у гэты ж дзень. Іх сустрэнуць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства замежных спраў і польскай амбасады ў Менску.
Першую партыю гуманітарнай дапамогі беларускім медыкам падчас эпідэміі каронавірусу Польшча накіравала ў Беларусь 24 красавіка.
Беларускае Радыё Рацыя