Пра матывы кадравага ператрусу



Аляксандр Лукашэнка не стаў зацягваць з кадравым ператрусам, распусціўшы ўрад Сяргея Румаса за два месяцы да выбараў. У звязку з адстаўкай кабінета міністраў шырока абмяркоўваюцца дзве асноўныя версіі вызвалення высокапастаўленых чыноўнікаў ад пасадаў: перастрахоўка перад важнай палітычнай падзеяй і звычайная тэхнічная працэдура.

Урад экс-банкіра Сяргея Румаса не апраўдаў чаканняў часткі беларускага грамадства, якая хацела бачыць у функцыянерах асобаў, здольных правесці маштабныя гаспадарчыя рэформы і лібералізаваць усе сферы дзяржаўнага жыцця. І хоць абойма міністраў, якія прыйшлі працаваць з Сяргеем Румасам нічога істотнага не паспела ажыццявіць, але беларусам асабліва няма чаго на іх крыўдаваць. Звычайныя функцыянеры ў сістэме, якая абмяжоўвае прыняцце самастойных рашэнняў і рашуча супрацьдзейнічае пераўтварэнням. Адстаўка “лібералаў-заходнікаў” выклікае асаблівы сум, калі паглядзець, хто прыйшоў ім на змену. На чале новага ўраду стаіць выхадзец са спецслужбаў Раман Галоўчанка. Шырокай аўдыторыі ягонае імя практычна ні пра што не гаворыць, але гэты чыноўнік доўгія гады курыраваў адну з найбольш важных галінаў беларускай гаспадаркі — ваенпрам. Ягоная кар’ера, як заўважаюць беларускія аглядальнікі, шчыльна звязана з адным з архітэктараў сённяшняй беларускай дзяржавы Віктарам Шэйманам. Усе перыяды ўзлёту новага прэм’ера так ці інакш знітаваныя з чалавекам, які з’яўляецца каля кіраўніка дзяржавы ў самыя крызісныя для яго моманты.

Прызначэнне на пасаду кіраўніком ураду сілавіка — абсалютна празрысты сігнал усяму беларускаму народу без выключэння. Апанентам рэжыму варта падрыхтавацца да таго, што градус супрацьстаяння будзе падвышацца. І, адпаведна, дзеянні рэжыму будуць больш жорсткімі. Людзям, якія ў вертыкалі, але сталі праяўляць сумневы, таксама недвухсэнсоўна намякаюць пра тое, што ваганняў быць не можа і гульні ў “лібералізм скончыліся”. Улада Беларусі спыняе ўдаваць сябе траваеднай і паказвае ўсім незадаволеным, што будзе абараняцца да апошняга. Зрэшты, гэта навіна толькі для людзей з кароткай памяццю, якія забыліся на падзеі другой паловы 1990-х і разгоны плошчаў у 2006 і 2010 гадах.

З іншага боку, кадравыя перастаноўкі — гэта канёк цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Гэты спосаб дазваляе яму цягам чвэрці стагоддзя ўтрымліваць кантроль над бюракратычным і сілавым апаратамі, не дае высокапастаўленым чыноўнікам выбудоўваць моцныя сувязі і абрастаць кліентэлай. А калі ўлічыць, што нечакана пра прэзідэнцкія амбіцыі сёлета заявілі дзве вельмі папулярныя ў асяроддзі чыноўнікаў асобы (Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала), то матыў перастрахоўкі выглядае цалкам рэальным. Калі гіпатэтычна ўявіць, што падзеі падчас выбараў пойдуць у негатыўным для ўладаў рэчышчы, то ў перыяд турбулентнасці трэба мець у тыле правераных людзей, а не мяккацелых лібералаў, якія, да таго ж, могуць праяўляць сімпатыі да апанентаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ