Сяргей Антончык: Рамантыкаў ва ўладзе ўжо няма
13-га лютага аўтар нашумелага 20 год таму антыкарупцыйнага даклада, тагачасны дэпутат фракцыі БНФ, Сяргей Антончык правёў акцыю “Карупцыя на кожным кроку”.
Мэта – відавочна паказаць ды расказаць простаму грамадзяніну, як іх падатковыя ды заробленыя грошы нябачна, але асязальна сцякаюць у карупцыйную яміну, адкуль іх у свае кішэні выграбаюць “дзялкі” ад улады ды крыміналу.
Спытаць, да прыкладу, як “інфляцыйнае” павышэнне пенсій з’ядаецца 30% ростам цэнаў? Куды зніклі выдаткаваныя, паводле Лукашэнкі, 55 мільярдаў датацый на сельскую гаспадарку? І чаму сусветныя кошты на нафту зніжаюцца, а на паліва для беларусаў растуць?
Падчас акцыі спадар Сяргей Антончык даў сваю “класіфікацыю” беларускага чынавенства.
– Першая групоўка – гэта дурні! Яны думаюць, што перавярнуць, зменяць краіну, вераць у Лукашэнку, у сістэму. Другая групоўка – карупцыянеры. Сярод іх шмат разумных людзей, але яны разумеюць, што ідуць да ўлады канкрэтна атрымаць хабар. І кар’ерысты – чалавек можа не красці, але ён на пасадзе знаходзіцца і яму падабаецца. Але рамантыкаў там ужо няма.
Карупцыю экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Антончык лічыць пагрозай нумар адзін для незалежнасці Беларусі.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя