Гулец „Смалявічаў” стаў аўтарам лепшага гола
Аўтарам самага прыгожага гола 11-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі прызнаны паўабаронца „Смалявічаў” Анатоль Макараў. Такі вынік традыцыйнага галасавання заўзятараў, арганізаванага асацыяцыяй „Беларуская федэрацыя футбола”. У гасцявой гульні з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” Анатоль Макараў на 15-й хвіліне адкрыў лік эфектным ударам з-за межаў штрафной плошчы гаспадароў, але гэта не дапамагло яго камандзе дамагчыся станоўчага выніку.
Лепшым гульцом 11-га тура быў прызнаны нападнік берасцейскага „Дынама” Павел Савіцкі, які аформіў галявы дубль у пераможнай гульні з „Рухам” 4:1. Зараз у чэмпіянаце лідыруе барысаўскі БАТЭ, у якога 25 ачкоў, на 3 балы менш у сталічнага „Энергетыка-БДУ”, „Тарпеда-БелАЗ” і салігорскі „Шахцёр” набралі па 21 ачку.
„Юнацтва” і „Нёман” даведаліся даты матчаў у хакейнай Лізе чэмпіёнаў
Хакеісты менскага „Юнацтва” і гарадзенскага „Нёмана” даведаліся даты матчаў 1/16 фіналу Лігі чэмпіёнаў, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на афіцыйны сайт Федэрацыі хакея Беларусі. На наступны дзень пасля правядзення лёсавання галоўнага каманднага турніру еўрапейскага хакея арганізатары спаборніцтваў вызначыліся з датамі правядзення стартавых матчаў Лігі чэмпіёнаў, у тым ліку з удзелам беларускіх камандаў. Такім чынам, паядынкі 1/16 фіналу пройдуць 6-7 кастрычніка. Сустрэчы ў адказ прызначаныя на 13-14 кастрычніка.
На старце Лігі чэмпіёнаў супернікамі сталічнага „Юнацтва” стане чэшскі ХК „Тршынец”. Гарадзенцы згуляюць са шведскай „Фрэлундай”, якая з’яўляецца дзеючым уладальнікам трафея.
Іван Кульбакоў паспрабуе свае сілы ў КХЛ
Галоўны трэнер „Нафтавіка” (ВХЛ) Ільнур Гізатулін заявіў, што беларускі брамнік клуба Іван Кульбакоў, які пакінуў каманду, збіраецца паспрабаваць свае сілы ў КХЛ. „Хтосьці з хлопцаў хоча паспрабаваць свае сілы ў КХЛ, хтосьці проста памяняць каманду, хтосьці нас не задавальняе. Такое хакейная жыццё і гэта яго непазбежная частка. На прыклад Іван Кульбакоў вырашыў паспрабаваць сябе ў адным з клубаў КХЛ”, – цытуе трэнера афіцыйны сайт „Нафтавіка”.
НБА назвала папярэднюю дату старту сезона – 25 снежня
НБА назвала папярэднюю дату старту сезона-2020/21. Ён павінен пачацца 25 снежня. Аднавіць сезон-2019/20 плануецца ў канцы ліпеня, пры гэтым фінальную серыю плануецца завяршыць не пазней за 12 кастрычніка. НБА мае намер правесці 25 верасня працэдуру драфта, хоць першапачаткова яна была прызначаная на 25 чэрвеня. Чакаецца, што ліга адновіць сезон 31 ліпеня. Фармат заканчэння сезону яшчэ невядомы. Абмяркоўваецца некалькі варыянтаў, у тым ліку і аднаўленне чэмпіянату непасрэдна з матчаў плэй-оф, перадае „Чэмпіянат”.
Беларускае Радыё Рацыя