Памяці Ірыны Мозалевай



27 траўня, пасля працяглай хваробы, пайшла з жыцця беларуска-амерыканская оперная спявачка (сапрана) Ірына Мозылева (1968-2020). 

Ірына нарадзілася 31 траўня 1968 года ў Мёрах Віцебскай вобласці. Яе талент спецыялiсты разгледзелi, калi ёй было 6 гадоў. Пасля спецыяльнай музычнай школы-інтэрната і каледжа Ірына трапiла ў Маскоўскую кансерваторыю. Адтуль яна адправіла касету са сваімі спевамi ў школу Джуліярда ў Нью-Ёрку, і яе запрасілі вучыцца ў Амерыку. Працягвала вучобу ў прэстыжным Інстытуце музыкі Кёрціса ў Філадэльфіі, атрымаўшы там поўную стыпендыю.

У 1997 годзе Iрына пераехала ў Нью-Ёрк, дзе адразу ўсталявала кантакты з беларускай дыяспарай. Не гледзячы на шчыльны расклад (яна ўжо выступала ў Карнегi-холе ды Лiнкальн-цэнтры), заўсёды знаходзiла час, каб паспяваць на Сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкi, святкаваннях 25 сакавiка ды iншых беларускiх імпрэзах у Нью-Ёрку і Нью-Джэрсi. Многiя дасюль памятаюць «Мой родны кут» i «Зорку Вянеру» у яе выкананнi.

Iрына таксама займалася выкладчыцкай дзейнасцю, кiравала царкоўным хорам. У 2016 годзе, страціўшы здольнасць спяваць з-за радыкальнай хірургічнай аперацыі, Ірына перанакіравала сваю творчасць на дызайн адзення. Чатыры днi яна не дажыла да свайго 52-годдзя. У Iрыны застаўся муж Ар’я і дачка Лiя, якія жывуць у Бiкане, штат Ню-Ёрк, а таксама бацька Мiкалай i сястра Тамара, якiя жывуць у Беларусi. 

Мы не часта бачылiся з Iрынай, бо жылi ў рoзных краiнах, а пасля ў розных штатах, але ўсе сустрэчы былi незабыўныя. Давялося пазнаёмiцца і з яе мацi Лiяй (мы сустракалiся ў Менску).

Iрына назаўсёды застанецца ў маім сэрцы. Яна была чалавекам вялікай душы і сваiм талентам праславiла Родную Беларусь. Вечная памяць!

Вячаслаў Бортнiк