У Беларусі 46.868 пацверджаных выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 46.868, памерлі 259 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ шэсць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў CОVID-19 павялічылася на 887, або на 1,9% (у папярэднія суткі было 865 новых выпадкаў і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што пацыенты памерлі „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Паправіліся і выпісаныя 22.066 пацыентаў (+904 за суткі). Усяго праведзена 597.013 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 11.948.
Варта зазначыць, што Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, хто мае патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
4 чэрвеня на нарадзе па новым складзе ўрада Аляксандр Лукашэнка адказаў на папрокі тых, хто лічыць дзеянні Беларусі па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй няслушнымі. „Нашы беларусы дзякуюць урачам, што мы змагаемся за кожнае жыццё, што ў нас на два парадкі менш смерцяў, чым у такіх жа краін і нашых суседзяў. Не, трэба кінуць камень у агарод. А што не так? Што ў нас не так, як у іншых? Што мы не ізалявалі і на каранцін не адправілі беларусаў? Што мы не абвясцілі каменданцкую гадзіну? Так сёння ўвесь свет пацвярджае, што Лукашэнка меў рацыю”, — заявіў беларускі кіраўнік.
Ён зазначыў, што па яго даручэнні чыноўнікі на самым высокім узроўні пастаянна кантралююць развіццё эпідэміялагічнай сітуацыі, прымаюцца меры для захавання жыццяў людзей.
На мінулым тыдні Лукашэнка заяўляў, што COVID-19 — гэта больш чым хвароба, а людзі адурманеныя. „Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш чым хвароба. Хвароба займае палову, можа, і менш. Усё астатняе — гэта палітыка”, — сказаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя бальніцы ўжо пачынаюць вяртацца да працы па сваёй спецыялізацыі. „У Віцебску ўжо, па-мойму, тры бальніцы вымылі з тых, якія мы выкарыстоўвалі, каб лячыць людзей з вірусам. Гэта кажа аб тым, што мы паціху выпаўзаем”, — сказаў ён.
Фота Reuters