Міліцыя шукае ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў у Віцебску



Пікет, які прайшоў 31-га траўня, сабраў больш за тысячу ахвотных падпісацца за вылучэнне кандыдаткай на прэзідэнцкую пасаду Святланы Ціханоўскай.

Віцебскія міліцыянты лічаць яго несанкцыянаваным мерапрыемствам, бо там былі нацыянальныя сцягі і плакаты супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Таццяна Севярынец, якой учора прынеслі позву ў райаддзел Перашамайскага раёну, лічыць мерапрыемства цалкам законным:

– Пікет перадвыбарчы, дазволены. Людзі там у чарзе стаялі, быў “вольны мікрафон”, яны расказвалі, чаму падпісваюцца за Святлану Ціханоўскую, чаму далей, болей нельга гэта цярпець, што народ саспеў да пераменаў. А вы куды мяне цягнеце? За што? За тое, што людзі прыйшлі падпісацца за кандыдата, якога ЦВК зарэгістравала?

У позве на імя Таццяны Севярынец значыцца, што яе прыцягваюць да адказнасці за парушэнне артыкула 23.4 КоАП – за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Спадарыня Таццяна кажа, што ніводзін міліцыянт не выказваў да яе прэтэнзій або патрабаванняў ні 31-га траўня, ні пасля.

У позве на імя Мікалая Качурца ўвогуле не пазначаны аніякі артыкул. Толькі тое,  што супраць яго распачатая адміністрацыйная справа. Але спадар Мікола не адчувае за сабой аніякае віны:

– Толькі гонар за сабой адчуваю – гонар за сябе, за сваіх паплечнікаў. За тое, што змагаемся з лукашызмам – з гэтай пачварай, якая апанавала нашу краіну. І за тое, што там пастаяў з плакатам. Але там людзі былі і без гэтага, а іх таксама выклікаюць.

Насамрэч, позвы атрымалі нават тыя, хто проста прыйшоў да пікета па зборы подпісаў. Гэтыя людзі не выступалі з прамовамі, не трымалі плакатаў, толькі пастаялі ў натоўпе. Напрыклад, актывіст “Грамады” пенсіянер Уладзімір Мацкевіч. Або жыхарка Віцебску Людміла Валадкевіч, якая „ўздымала руку і выкрыквала лозунг “Жыве Беларусь!”, паводле міліцэйскага пратакола. За гэта 18 чэрвеня жанчыну чакае суд.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск