Віктар Орбан: Настаў час адмяніць санкцыі Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі



 Настаў час для адмены санкцый Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі, заявіў журналістам прэм`ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан 5 чэрвеня пасля перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску.

„Мы пераканаліся, што нашы краіны нашмат бліжэй, чым нам гэта здавалася”, — сказаў Орбан, фрагмент выступлення якога паказаў тэлеканал „Беларусь 1”.

Орбан адзначыў, што Венгрыя падтрымлівае развіццё ініцыятывы „Усходняе партнёрства”, удзельніцай якой з`яўляецца і Беларусь. „Але мы гаворым менавіта пра партнёрства. Будаваць адносіны пры наяўных санкцыях немагчыма. Настаў час адмяніць існуючыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі”, — сказаў ён.

„Пасля пандэміі пачнецца новае супрацоўніцтва ў эканоміцы, і я думаю, што еўразійская і еўрапейская інтэграцыі будуць узаемна цікавыя. З нашага боку мы адкрылі крэдытную лінію на 40 млн еўра, з дапамогай якой будуць фінансавацца буйныя беларуска-венгерскія праекты”, — адзначыў Орбан.

„Акрамя таго, мы настроеныя на цеснае супрацоўніцтва ў галіне атамнай энергетыкі. Мы таксама будуем атамную станцыю і ў гэтай сферы, як і Беларусь, не прымаем любы дыскрымінацыйны націск”, — падкрэсліў кіраўнік венгерскага ўрада.

У лютым гэтага года Савет Еўразвяза працягнуў яшчэ на год, да 28 лютага 2021 года, абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі — эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, візавыя санкцыі супраць чатырох беларускіх грамадзян.

Меры ўключаюць у сябе эмбарга на пастаўкі зброі і тэхнікі, якія могуць быць выкарыстаныя для рэпрэсій унутры краіны, а таксама „замарожванне актываў і забарону на паездкі для чатырох чалавек, якія лічацца датычнымі да нераскрытых знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах”.

Савет Еўразвяза таксама працягнуў забарону на прымяненне абмежавальных мер на экспарт біятлоннага рыштунку, спартыўных вінтовак і спартыўных пісталетаў спецыяльнага прызначэння ў Беларусь.

belapan.by