Міліцыя затрымала віцебскую блогерку Алену Янушкоўскую
Жанчыну затрымалі дома ў дачкі Юліі – у вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну. Там Алена Янушкоўская дапамагае даглядаць унучак.
На затрыманне прыехалі 4 чалавекі, кажа Юлія:
– Два чалавекі пайшлі з суседам размаўляць, а два яе чакалі. Яна сабралася, ёй далі маску, пальчаткі і павезлі.
РР: Вашу маму спачатку павезлі ў райаддзел, складаць нейкія дакументы. А як вы даведаліся, што яе затрымалі да суду? Яна паспела вам патэлефанаваць?
– Ніхто мне не тэлефанаваў, толькі Таццяна Севярынец.
Пра затрыманне Алены Янушкоўскай першымі даведаліся журналісты і віцебскія актывісты. Патэлефанаваць сваякам у міліцыі не далі. Паводле дачкі Юліі, сваё затрыманне маці здымала на камеру. Гэтая відэакамера таксама апынулася ў міліцыі, і невядома, ці яе аддадуць.
Суд над Аленай Янушкоўскай мае адбыцца ў панядзелак, дакладны час невядомы. Магчыма яго правядуць у анлайн-рэжыме і не павязуць арыштаваную на працэс. Найверагодней блогерку звінавацяць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі: 31-га траўня каля пікета па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай блогерка вяла стрым, а таксама выступіла перад прысутнымі.
Сёлета віцебская блогерка ўжо была некалькі разоў аштрафавана за ўдзел у акцыях супраць так званай паглыбленай інтэграцыі з Расеяй.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск