Ад каронавіруса памёр схіепіскап Дзятлаўскі Пётр
Памёр схіепіскап Дзятлаўскі Пётр — вікарый Наваградскай епархіі. Афіцыйны партал беларускай праваслаўнай царквы church.by паведамляе, што гэта адбылося ў выніку працяглай цяжкай хваробы, якую ўскладніў каронавірус.
Айцу Пятру (Віктар Карпусюк у міры) быў 61 год. Ён нарадзіўся ў Берасцейскай вобласці, скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя. У 1992 годзе стаў епіскапам Тураўскім і Мазырскім. У сярэдзіне 2000-х кіраваў Бабруйскай епархіяй, затым быў вікарыем Віцебскай епархіі. З 2013 года з’яўляўся епіскапам Смаргоньскім, вікарыем Наваградскай епархіі.
Выпадак смерці ад COVID-19 сярод праваслаўных святароў не адзіны ў Беларусі. Напрыканцы красавіка ў Менску памёр іерэй Генадзь Буцько — клірык Петрапаўлаўскай царквы. Для святара шукалі донараў плазмы, ён быў на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. 6 траўня стала вядома пра смерць настаяцеля менскай царквы Марыі Магдаліны протаіерэя Іаана Харашэвіча. Прычынай смерці таксама мог стаць каронавірус.
Фота з сайта: church.by