У Віцебску падпісваюцца супраць удзелу ў выбарах Аляксандра Лукашэнкі
У цэнтры гораду, на пляцоўцы каля гандлёвага цэнтра “Марка-сіці”, ініцыятыўныя групы збіраюць подпісы за некалькіх прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Тут у мінулую нядзелю можна было падпісацца не толькі за патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта, але і супраць.
Супраць удзелу ў ёй Аляксандра Лукашэнкі і за выключэнне яго з выбарчай кампаніі, распавяла Віцебская каардынатарка БХД Таццяна Севярынец:
За тое, каб грамадзяніна Лукашэнку, які балатуецца на кандыдата ў прэзідэнты, пазбавілі магчымасці балатавацца. За ягоныя пагрозы ў бок сваіх апанентаў і за пагрозы страляць у свой народ, бо ўладу ён проста так не аддасць. За парушэнне выбарчага заканадаўства, заканадаўства адміністрацыйнага і, напэўна, крымінальнага.
Як вядома, падобны зварот у ЦВК накіроўваў Віктар Бабарыка, верагодны супернік Аляксандра Лукашэнкі. Але гэта было меркаванне апанента, а цяпер будзе голас народу, падкрэслівае Таццяна Севярынец. За першую ж гадзіну збірання подпісаў за выключэнне Лукашэнкі з выбарчай кампаніі падпісаліся 83 чалавекі. Збор подпісаў будзе працягвацца, а потым звароты накіруюць у ЦВК і ў пракуратуру.
Беларускае Радыё рацыя, Віцебск