У траўні Украіна не імпартавала ні адной кілават-гадзіны беларускай электраэнергіі
У траўні Украіна не імпартавала ніводнай кілават-гадзіны беларускай электраэнергіі, сведчаць абноўленыя звесткі на сайце нацыянальнай энергетычнай кампаніі „Укрэнерга”.
З пачатку года Украіна планамерна зніжала куплю беларускай электрычнасці. Так, у студзені 2020-га з Беларусі было імпартавана 93,013 млн кВт·гадз электраэнергіі, у лютым — 48,882 млн, сакавіку — 7,713 млн, красавіку — 2,7 млн.
Пры гэтым у другім паўгоддзі 2019 года штомесячны імпарт з Беларусі перавышаў 100 млн кВт·гадз, за выключэннем снежня, калі было пастаўлена 48,915 млн кВт·гадз. Звязана гэта з тым, што ў сярэдзіне мінулага года ва Украіне быў сфармаваны новы электраэнергетычны рынак, і замежныя вытворцы электрычнасці, уключаючы дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”, атрымалі магчымасць прадаваць яго ўкраінскім кампаніям-трэйдарам.
Прычынай рэзкага зніжэння паставак электраэнергіі з Беларусі стала спроба ўкраінскіх уладаў абараніць сістэму энергазабеспячэння краіны ад рызык, выкліканых распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі.
8 красавіка Нацыянальная камісія Украіны, якая ажыццяўляе дзяржрэгуляванне ў сферах энергетыкі і камунальных паслуг, часова прыпыніла імпарт электраэнергіі з Беларусі і шэрагу іншых дзяржаў у сувязі з пандэміяй COVID-19. На думку камісіі, ва ўмовах некантраляванага распаўсюджвання каранавіруса ў краінах па-за Энергетычнай супольнасці (арганізацыі ЕЗ і шэрагу краін-суседзяў, якія імкнуцца да стварэння адзінага агульнаеўрапейскага энергетычнага рынку) узнікае „рызыка фізічнай магчымасці невыканання дагаворных абавязацельстваў”, бо можа знізіцца колькасць персаналу, неабходная для вытворчасці і перадачы электраэнергіі. Такім чынам, ствараецца пагроза бяспецы паставак электрычнасці, што можа прывесці да вельмі негатыўных наступстваў.
Забарона на перадачу электраэнергіі па лініях, якія злучаюць Украіну з Беларуссю, дзейнічала да канца красавіка, затым была працягнутая да канца мая, а пасля — да канца чэрвеня. Выключэнне зробленае для ліній электраперадачы 110 кВ Дабранка — Церахоўка, 110 кВ Славуціч — Камарын, 35 кВ Картэлісы — Макраны і 0,4 кВ Кашары — Рыцец. Гэтыя лініі, як адзначылі ў камісіі, забяспечваюць „тупіковае сілкаванне прымежных населеных пунктаў Украіны і Рэспублікі Беларусь, <…> з’яўляюцца адзінымі крыніцамі энергіі для адпаведных населеных пунктаў Украіны і Беларусі і не маюць альтэрнатыўных крыніц энергіі для канчатковых спажыўцоў”.
Перадача электраэнергіі па асноўных і найбольш магутных міждзяржаўных ЛЭП 330 кВ Гомель — Чарнігаў і 330 кВ Мазыр — Чарнобыльская АЭС была заблакаваная.
Варта адзначыць, што ўкраінскія ўлады, уключаючы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, заяўлялі пра неабходнасць абмежаваць імпарт электрычнасці з Беларусі, каб дапамагчы сваім вытворцам, перш за ўсё шахцёрам.
Беларусь жа, наадварот, чакае росту попыту на сваю электраэнергію ва Украіне. 25 лютага Міністэрства энергетыкі ўхваліла канцэпцыю развіцця электрагенеравальных магутнасцяў і электрычных сетак да 2030 года, згодна з якой прагназуецца павелічэнне экспарту электраэнергіі ў сувязі з тым, што пасля сінхранізацыі энергасістэмы Украіны з Еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі (ENTSO-E) цана на электрычнасць у гэтай краіне вырасце.