Тэст



Падарожнікі сумуюць па Рыме ды Парыжы, а заядлыя падарожнікі даўно знайшлі на карце Беларусі многія еўрапейскія сталіцы і праклалі неардынарныя маршруты дома.

І ўсё ж хочацца калі не ў Парыж, то ў Вільню ці Беласток – галаву праветрыць ды смачнай кавы набыць! І вось на даляглядах каронакрызіснай Айчыны з’явілася магчымасць прарвацца праз мяжы… Усё проста: здаеш платны тэст на COVID-19 – і ты вольны! Падрабязнасці? Калі ласка!

Вы цудоўна ведаеце, шаноўныя, што ў нашых шэрых шыротах дзейнічае адно важнае правіла: “Без бумажки ты – букашка, а с бумажкой – человек!” Заўжды і паўсюль. Нават каронавірус не з’яўляецца перашкодай для бюракратыі. Дзяржаўныя межы – іншая справа, але – паспрабуем! Што вам патрэбна? Запісацца на платны аналіз у Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідыміялогіі і грамадскага здароўя. Кабінет №114.

Вы павінны будзеце пад’ехаць і прадаставіць пакет дакументаў: заява, копія пашпарта (2 шт.), копія квіткоў або іншых дакументаў, што паказваюць вашы цвёрдыя намеры на пэўны час з’ехаць з краіны і аплату непасрэдна паслугі (41 рубель 38 капеек для нерызідэнтаў). Забор матэрыялу адбываецца па папярэднім запісе. Кабінет адзін і нумар тэлефона для запісу таксама адзін. Тэлефанаваць можна з 14.00 да 17.00 у з панядзелка да пятніцы. Для справачнай інфармацыі маем іншы нумар. Шыкоўна.

Забраць вынікі – дукумент на рускай і англійскай мовах – можна будзе ў тым самым кабінеце ў працоўныя дні з 14.00 да 16.00. Працэдура даволі простая.

Не зразумела іншае. Што рабіць тым, хто едзе за мяжу на сваёй машыне? Ці не замала аднаго кабінету на ўсю краіну? Ці не створаць там актыўныя падарожнікі вымушаную чаргу (адсюль – рызыка падхапіць вірус)?

І – апошняе. Ці прымуць нашы паперы хоць суседзі? Пра Рым і Парыж пакуль не марым! Зрэшты, маем Нарач, Браславы… І нават Дублін знайшоўся на карце Беларусі!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ