Павел Севярынец арыштаваны на 15 сутак



Сустаршыню партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца сілавікі 7 чэрвеня, а 17-й гадзіне затрымалі пасля пікета па зборы подпісаў за прэтэндэнтку ў кандыдаты Святлану Ціханоўскую ў Менску.

Затрыманне адбылося каля дома, дзе жыве Павел з сям’ёй на вачах жонкі і сына. Суправаджаючыя мінакі стараліся адбіць Паўла, кажа Вольга Севярынец :

– Людзі вельмі моцна сталі яго адбіваць, віселі на машыне, на капоце чалавек пяць напэўна. 10 хвілін было такое супрацьстаянне. Урэшце бусу давялося пакінуць тут аднаго свайго таму, што яны ніяк не змаглі разабрацца, адзін застаўся, яго таксама людзі яшчэ пакалашмацілі.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Зміцера Салаўёва, улада стараецца нейтралізаваць усіх вядомых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. А прэвентыўнае затрыманне Паўла Севярынца адбылося для таго, каб ён не мог прысутнічаць на цалкам законных пікетах:

– Тое, што на пікет па зборы подпісаў прыйшоў Павел Севярынец, людзі пачалі яго распытваць пра сітуацыю, ён з імі размаўляў, гэта ўладу вельмі непакоіць.

Як стала вядома ад Вольгі Севярынец, Павел асуджаны на 15 сутак арышту, плюс яшчэ неадбытыя 30 сутак, агулам атрымліваецца 45 сутак. Вольга просіць памаліцца за Паўла.

Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя