У Польшчы афіцыйна працуе каля 42-х тысяч беларусаў
У Польшчы афіцыйна працуе каля 42-х тысяч беларусаў, паведамляе wyborcza.pl. З працаўнікоў-замежнікаў (а іх 622 тысячы) нашы суайчыннікі на другім месцы па колькасці, больш толькі ўкраінцаў (іх 72%). Але гэта толькі людзі, якія маюць страхоўку. У статыстыцы не ўлічаныя тыя, хто працуе па дамове падраду ці нелегальна — іх больш.
На Падляшшы на сацыяльнае забеспячэнне зарэгістравана крыху менш замежнікаў, чым у пачатку года. Зараз іх амаль 13 тысяч.
З лютага па красавік колькасць замежнікаў, зарэгістраваных на сацыяльнае забеспячэнне, па ўсёй краіне скарацілася амаль на 48 000, а ў Падляшскім ваяводстве – на 624 чалавекі.
– Фактычная колькасць грамадзян іншых краін, якія працуюць у Польшчы, яшчэ большая, таму што некаторыя з іх не маюць страхоўкі. Такім чынам, у іх склад не ўваходзяць замежныя супрацоўнікі, якія выконваюць працу па дамове на працу альбо працуюць нелегальна, – інфармуе Катажына Крупіцка, рэгіянальны прадстаўнік установы сацыяльнага страхавання Падляшскага ваяводства.
У Падляшскім ваяводстве застрахавана 12,7 тыс. замежнікаў.
– Больш за ўсё людзей, ажно 5,9 тыс. прыехалі да нас з Беларусі. Другую па велічыні групу застрахаваных складаюць грамадзяне Украіны – 4,7 тыс, а наступныя – расейцы, якіх 295. 7 % расейцаў, 5 % беларусаў і 1 % украінцаў – гэта людзі, якія вырашылі весці ўласную справу ў нашай краіне. Астатнія – супрацоўнікі і падрадчыкі, – дадае Катажына Крупіцка. У нашым рэгіёне таксама працуюць мексіканцы, японцы і ліванцы.
Падчас распаўсюду каронавіруса, увядзення ў Польшчы каранціну і закрыцця межаў нямала замежнікаў паспяшаліся вярнуцца на радзіму. Польшча лічыцца адной з самых папулярных краін для працоўнай міграцыі беларусаў. Улады Польшчы плануюць паслабляць абмежаванні пры перасячэнні мяжы з 15-га чэрвеня.
Фота: so-kir-kin.livejournal.com