Дзяніс Садоўскі: Збіваюць пратэстную хвалю
Адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Дзяніс Садоўскі выказаў сваё меркаванне адносна тых рэпрэсій, якія пачаліся падчас прэзідэнцкай кампаніі.
8 чэрвеня ў Менску праходзілі суды над затрыманымі ў нядзелю ўдзельнікамі мітынга каля Камароўкі. Сілавікі затрымалі каля 20 актыўных удзельнікаў „несанкцыянаванага мерапрыемства” каля Камароўскага рынку, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. У выніку Павел Севярынец, Вольга Нікалайчык, Валянцін Фралоў, Рыгор Пагарцаў былі асуджаны на 15 сутак. Алег Баброўскі, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, атрымаў 20 сутак арышту. Астатніх аштрафаваны.
Дзяніс Садоўскі: Відавочна, што зараз улады спрабуюць збіць пратэстную хвалю. Працуюць па старой методыцы, каб спыніць актыўнасць людзей. Падчас пікетаў арыштоўваюць лідараў, адпраўляюцца на суткі і, такім чынам, паказваюць астатнім, што гатовы нават на масавыя арышты. Улада сабе не змяняе ўжо доўгія гады.
РР: Ваш прагноз: рэпрэсіі будуць працягвацца аж да жніўня, калі адбудуцца выбары?
Дзяніс Садоўскі: Усё будзе залежыць ад сітуацыі і ад таго, як пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў. Ад гэтай кропкі і трэба будзе адштурхоўвацца і глядзець, якім чынам будуць развівацца падзеі. Таксама невядома, што будзе з крымінальнай справай, па якой праходзіць Сяргей Ціханоўскі, бо пакуль абвінавачванне яму не прад’яўлена. Пакуль жа ставіць у віну чалавеку той факт, што адбыўся быццам бы напад на міліцыянтаў – гэта вельмі смешна. На відэа бачна, што Ціханоўскі ніякага дачынення да гэтага не меў.
Але ўсё гэта – арышт Ціханоўскага і яго паплечнікаў, накіраванне на суткі актывістаў і палітычных лідараў – звёны аднаго ланцуга. Зараз галоўнае для ўлады – збіць хвалю пратэстаў. Калі не атрымаецца, то ў рэпрэсіях яны могуць зайсці далёка. Ні перад чым не спыняцца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя