Міхаіл Чыгір: Рэформ чакаць не варта



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір выказаўся пра новага прэм’ера і ацаніў працу папярэдняга.

Нагадаем, што днямі Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага прэм’ер-міністра. Ім стаў Раман Галоўчанка, які да гэтага працаваў старшынём Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Беларусі.

Галоўчанка мае дыпламатычны ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла, раней працаваў у Дзяржсакратарыяце Савета бяспекі.

Яго папярэднік Сяргей Румас быў прэмʼер-міністрам з лета 2018 года.

Міхаіл Чыгір: Асабіста для мяне Раман Галоўчанка – цёмны конік, таму пра яго цяжка нешта сказаць. Хаця абсалютна зразумела, што яго былая праца – ваенна-прымысловы комплекс – гэта абсалютна іншая спецыфіка і абсалютна іншая сфера дзейнасці.

РР: Многія называюць невыпадковасцю той факт, што прэм’ерам прызначаюць службіста яшчэ да выбараў.

Міхаіл Чыгір: Безумоўна, прэзідэнцкія выбары і змена кіраўніцтва ўрада – гэта ўзаемазвязаныя рэчы, але такая практыка была і раней. Тым больш, што сітуацыя зараз такая, што на першае месца выходзяць сілавікі.

РР: Як вы ацэньваеце працу Сяргея Румаса на пасадзе прэм’ера?

Міхаіл Чыгір: Я не бачу, каб за час яго дзейнасці беларуская эканоміка моцна прагрэсавала ў аграрным сектары, у прамысловасці. Практычна нічога пры ім не змянілася. Надзеі былі, што Румас будзе адстойваць рыначную эканоміку, але ўсё засталося на месцы. Альбо ён не прапаноўваў, альбо здаўся.

Таму і ад Галоўчанкі не варта чакаць нейкіх рэформ. Іх наогул не варта чакаць, пакуль пры ўладзе будзе Лукашэнка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя