Праваабаронцы заявілі пра рост рэпрэсій падчас выбарчай кампаніі



Праваабаронцы заявілі пра рост рэпрэсій і нагнятанне страху падчас выбарчай кампаніі. Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» апублікавалі чарговы тыднёвы маніторынг прэзідэнцкай кампаніі. Ён тычыцца этапу збору подпісаў.

Назіральнікі адзначаюць, што найбольшую ўвагу выбарнікаў і СМІ прыцягваюць Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала і Святлана Ціханоўская, пры гэтым асабліва негатыўную рэакцыю ўладаў, у тым ліку і кіраўніка дзяржавы, выклікалі пікеты ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

У розных гарадах Беларусі цягам тыдня адбываліся затрыманні і арышты актывістаў. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, а менавіта ў пікетах, якія адбываліся ў месцах, не забароненых рашэннямі выканаўчых органаў улады.

Пры гэтым збор подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзейнага кіраўніка дзяржавы суправаджаецца шматлікімі паведамленнямі пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу. У цэлым праваабаронцы адзначаюць працяг тэндэнцыі павелічэння рэпрэсій у выбарчы перыяд, і нагнятанне ўладамі напружанасці і атмасферы страху ў грамадстве.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: spring96.org