Затрыманым па справе Ціханоўскага прад’яўлена абвінавачванне (абноўлена)



Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам выстаўленае абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паведаміў Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.

Паводле дадзеных следства, 29 мая падчас пікета па зборы подпісаў у Гародні „было арганізавана правядзенне незаконнага грамадскага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога здзейсненыя групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі”. У выніку гэтых дзеянняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных спраў.

„Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі, дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Як адзначае СК, падчас следчых дзеянняў, вывучэння відэазапісаў з месца пікетавання, „устаноўлена яшчэ адна асоба, якая прымяніла гвалт да супрацоўнікаў міліцыі, якія дастаўлялі затрыманых у службовы транспарт”. У дачыненні да яе пачатая крымінальная справа.

З санкцыі пракуратуры да абвінавачваных прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Праводзяцца следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. Прызначана правядзенне судова-медыцынскіх і іншых экспертыз. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

Санкцыя ч. 1. арт. 342 КК прадугледжвае штраф або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гародні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Там адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіў аб распачынанні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тысяч долараў.

Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем. У яго абарону выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕС і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.

У youtube-канала Ціханоўскага „Краіна для жыцця” 233 тыс. падпісчыкаў.

belapan.by

* * * 

Са спасылкай на нявесту затрыманага Вяргілія Ушакова праваабаронцы паведамілі, што яму выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Санкцыя гэтай часткі артыкула — штраф або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

belapan.by

* * * 

Сёння, 8 чэрвеня, блогеру Сяргею Ціханоўскаму і яго паплечнікам мусілі прад’явіць абвінавачванні альбо вызваліць, бо скончыўся 10-сутачны тэрмін затрымання.

Вядома, што затрыманых пакідаюць за кратамі, пры гэтым нават сваякам не паведамляецца, па якім менавіта артыкуле ім прад’яўлена абвінавачванне. У адвакатаў узятыя падпіскі аб неразгалошванні.

Святлана Ціханоўская паведаміла праваабаронцам „Вясны”, што Сяргею Ціханоўскаму прад’явілі абвінавачванне, але менавіта па якім артыкуле — жонцы затрыманага не сказалі. Яго пакінулі пад вартай. 

Такая інфармацыя паступае і ад іншых сваякоў затрыманых па крымінальнай справе Сяргея Ціханоўскага. Сваякі Васіля Баброўскага таксама распавялі пра такую ж сітуацыю ў дачыненні да Васіля. 

Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага палітвязнем. 

spring96.org