Валер Цапкала выступіў на пікеце па зборы подпісаў у Віцебску



На сустрэчу з ім прыйшлі каля 300 чалавек, некаторыя загадзя падрыхтавалі пытанні да патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцкую пасаду. Пытанні датычыліся эканомікі, экалогіі, медыцыны і нават таго, якую прафесію варта абраць сённяшняй моладзі. Валер Цапкала паведаміў, што ў выпадку абрання яго прэзідэнтам, Расея стане адной з першых краінаў, куды ён накіруецца з афіцыйнным візітам. “Бо з Расеяй у нас асаблівыя адносіны”, – патлумачыў патэнцыйны кандыдат.

Што да бліжэйшых планаў – дзейнасці пасля сканчэння збору подпісаў, – то спадар Цапкала паведаміў наступнае:

– Далей – чакаем: сустракаемся, чытаем лекцыі, чакаем рэгістрацыі.

РР: Калі Вас зарэгістравалі, і зарэгістравалі яшчэ некалькі вашых калегаў, то ці плануеце аб’ядноўвацца, абіраць “адзінага”?

Валер Цапкала: Не, я лічу, што чым больш кропак гледжання, чым больш варыянтаў развіцця Беларусі, якія прапануюць кандыдаты, тым будзе лепей для беларускага грамадства.

РР: А калі Вас не зарэгіструюць, якія вашыя планы?

Валер Цапкала: Ну, давайце мы пагаворым потым пра гэта.

РР: А калі зарэгіструюць, Вы будзеце адстойваць вашыя галасы, калі  на выбарах ЦВК напіша вам 3%?

Валер Цапкала: Давайце потым.

Падчас сустрэчы ў Віцебску Валер Цапкала паведаміў, што на ягоную падтрымку сабрана ўжо 120 тысяч подпісаў. Сустрэча працягвалася прыблізна дзве гадзіны,  патэнцыйнага кандыдата суправаджала група падтрымкі ў адмысловых майках з імем і прозвішчам прэтэндэнта. Разам з Валерам Цапкалам у Віцебск прыехала і ягоная жонка Вераніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск