Чарговы этап змякчэння каранціну пачаўся ў Грузіі



8 чэрвеня ў Грузіі пачаўся чарговы этап зняцця абмежаванняў, устаноўленых з-за пагрозы распаўсюджвання каранавіруса. Аб гэтым паведамляе грузінскае інфармацыйнае агенцтва Black Sea Press.

Па рашэнні ўрада, з 8 чэрвеня аднаўляюцца міжгароднія пасажырскія перавозкі, работа рэстаранаў, кафэ і бараў закрытага тыпу, гасцініц, а таксама пунктаў абмену валюты.

Пры гэтым прадаўжае дзейнічаць забарона на пасажырскія чыгуначныя перавозкі. Як мяркуецца, гэта абмежаванне будзе знята праз тыдзень, з 15 чэрвеня.

Адзначаецца, што адновяць работу толькі тыя гасцініцы, якія змаглі выканаць усе патрабаванні, прайсці праверку і атрымаць дазвол Міністэрства аховы здароўя Грузіі.

Уладальнікі рэстаранаў павінны паклапаціцца аб тым, каб у залах захоўвалася сацыяльная дыстанцыя, за стол садзіліся максімум шэсць чалавек, а персанал строга прытрымліваўся санітарна-гігіенічных нормаў.

Для аўтобусаў і мікрааўтобусаў, якія курсуюць паміж гарадамі, рэкамендацыі падобныя да дырэктыў для грамадскага транспарту. У прыватнасці, і пасажыры, і вадзіцелі павінны насіць медыцынскія маскі.

З-за распаўсюджвання каронавірусу ў Грузіі з 21 сакавіка па 23 мая дзейнічала надзвычайнае становішча. Нават пасля яго адмены захаваліся абмежаванні, якія прызначаны знізіць мабільнасць насельніцтва. Пасля 8 чэрвеня прадоўжыць дзейнічаць забарона на сход больш як 10 чалавек для правядзення традыцыйных сацыяльных мерапрыемстваў – вяселляў, памінак, юбілеяў і да т.п. У месцах вялікай колькасці людзей абавязковае нашэнне ахоўных масак. Застаюцца закрытымі казіно, начныя клубы, спартыўныя залы, басейны, а таксама ўсе музейныя ўстановы і тэатры.

З 15 чэрвеня ў Грузіі адновіцца ўнутраны турызм. Чакаецца, што з гэтага ж дня адкрыюцца некаторыя музеі пад адкрытым небам і музеі-запаведнікі. З 1 ліпеня Грузія пачне аднаўляць міжнародныя авіязносіны, а таксама адкрые свае граніцы для замежных турыстаў.

Паводле апошніх дадзеных, у Грузіі пацверджана 809 выпадкаў COVID-19, з моманту ўспышкі памерлі 13 чалавек.

БелТА