Пятрас Аўштравічус прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў



Пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус 8 чэрвеня звярнуўся да віцэ-старшыні Еўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі ў дачыненні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

У лісце кіраўніку дыпламатыі ЕЗ, копію якога еўрапарламентарый перадаў БелаПАН, адзначаецца, што „на фоне росту колькасці грамадзян, якія кідаюць выклік утрыманню ўлады прэзідэнтам Лукашэнкам, перспектывы свабодных і справядлівых выбараў выглядаюць бязрадасна: рэжым відавочна не мае намеру стварыць раўнапраўныя ўмовы для кандыдатаў ці разгледзець даўнія рэкамендацыі Венецыянскай камісіі БДІПЧ АБСЕ”. Аўштравічус звяртае ўвагу, што пра гэтыя праблемы гаворыцца і ў апошняй справаздачы спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, у якім яна „выказвае сур’ёзную занепакоенасць з нагоды пастаянных парушэнняў у краіне асноўных свабодаў — мірных сходаў, свабоды меркаванняў і іх выказвання”.

„Як выкладзена ў высновах Еўрапейскага савета ад 15 лютага 2016 года, ключавым фактарам фарміравання палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі з’яўляюцца рэальныя крокі, прынятыя беларускімі ўладамі ў плане забеспячэння ўсеагульных свабод, вяршэнства закона і правоў чалавека, — нагадаў еўрапарламентарый. — На працягу апошніх чатырох гадоў Еўрасаюз, дзейнічаючы ў духу „крытычнага ўзаемадзеяння”, працягнуў Мінску руку — падпісаў пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія набываюць моц 1 ліпеня, падвоіў аб’ём сваёй дапамогі і ступень уключэння ў тэхнічныя перагаворныя працэсы па канкрэтных пытаннях. Тым не менш беларускі рэжым сваіх абяцанняў не выканаў”.

„На фоне працягу хвалі рэпрэсій, на маю думку, Еўрасаюзу прыйшоў час прымяніць прынцып абумоўленасці і, наколькі гэта магчыма, перанакіраваць наяўныя сродкі арганізацыям грамадзянскай супольнасці, якія адданыя яго каштоўнасцям. Гэты можа апынуцца складаным з улікам таго, што беларускія ўлады нядаўна ўвялі абмежаванні ў адносінах да міжнароднай дапамогі суб’ектам грамадзянскай супольнасці. Тым не менш я лічу, што ЕС павінен прынамсі больш актыўна выказвацца пра імклівае падаўленне свабодаў, выразна выказваючы салідарнасць з ахвярамі рэпрэсій і безумоўна асуджаючы арышты актывістаў, прадстаўнікоў апазіцыі і кандыдатаў у прэзідэнты”, — адзначыў Аўштравічус.

Ён таксама заявіў, што „глыбока занепакоены абуральнымі спробамі дзяржаўных чыноўнікаў і праўладных СМІ прадставіць фінансавую і тэхнічную дапамогу ЕС доказам таго, што ЕС аказвае падтрымку Лукашэнку ці дае яму нейкі карт-бланш”. Такія „зламысныя спробы дэзынфармацыі”, на яго думку, „могуць паўплываць на імідж і палітычны рэйтынг ЕС, як унутры Беларусі, так і за яе межамі”.

„Таму я заклікаю вашы службы аператыўна і старанна вырашаць такія сітуацыі. Мы павінны дакладна данесці, што фінансавая і тэхнічная дапамога ЕС накіраваная на тое, каб даваць адчувальныя вынікі для грамадзян, але ніякім чынам не на ўзаконьванне або ўмацаванне аўтарытарнага рэжыму”, — падкрэсліў літоўскі дэпутат Еўрапарламента.

Аўштравічус перакананы, што ЕС павінен пачаць перагляд палітыкі ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку „прадугледзець санкцыі ў дачыненні да службовых асоб і іншых вінаватых у парушэннях правоў чалавека і асноўных свабодаў, калі эскалацыя гвалту не аслабне, а прэзідэнцкія выбары будуць праведзеныя ў катастрафічных абставінах”.

„Прымаючы пад увагу важнасць і ўлічваючы хуткае пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі, я заклікаю вас неадкладна адрэагаваць, накіраваўшы выразны і рашучы сігнал беларускім уладам”, — заклікаў еўрапарламентарый Барэля.

belapan.by

© DELFI / Tomas Vinickas