Валянцін Стэфановіч: Ніякіх гвалтоўных дзеянняў удзельнікі гэтага пікету не здзяйснялі
Затрыманага Сяргея Ціханоўскага і яшчэ сем асобаў абвінавачваюць у частцы першай артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Пра гэта паведаміў 9 чэрвеня Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.
Але ёсць усе падставы, каб прызнаць усіх абвінавачаных палітычнымі зняволенымі, лічыць праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч:
– Мы лічым, тое, што адбывалася ў Гародні 29 траўня, было нічым іншым, як рэалізацыяй свабодаў мірных сходаў, выказванне свайго меркавання. І ніякіх гвалтоўных дзеянняў удзельнікі гэтага пікету не здзяйснялі, і грамадскі парадак і грамадскую бяспеку не парушалі.
Яшчэ аднаму з затрыманых у Гародні прад’явілі абвінавачванні па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Але Валянцін Стэфановіч падкрэслівае, што ў выпадку, калі праваабаронцы прыйдуць да высновы, што віна гэтага абвінавачанага не даказана альбо сам факт злачынства адсутнічае, то “таксама ў нас будуць падставы для прызнання яго палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага і безумоўнага вызвалення”.
Беларускае Радыё Рацыя