Зміцер Дашкевіч: На Захад ужо не варта спадзявацца



Былы лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч кажа, што Захад ужо змяніў сваё стаўленне да беларускага рэжыму.

Пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента па Беларусі, дэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус звярнуўся да віцэ-старшыні Еўрапейскай камісіі, вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэлю з просьбай адрэагаваць на рэпрэсіі ў дачыненні да дэманстрантаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія адбываюцца ў Беларусі. І, магчыма, нават ізноў вярнуцца да санкцый.

Зміцер Дашкевіч: Калі б на Захадзе былі прынцыповыя палітыкі, то беларускі рэжым адчуваў бы сябе зусім па-іншаму. Але сярод еўрачыноўнікаў таксама хапае такіх жа прастытутак, як і тая няшчасная беларуская жанчына, якую ўлады паслалі, каб яна зладзіла ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага правакацыю.

Але беларуская прастытутка хаця б сваім целам гандлю, а еўрачыноўнікі гандлююць лёсамі людзей. Учора для іх быў у Беларусі “дыктатар” і “крывавы рэжым”, а сёння яны з гэтым дыктатарам абдымаюцца.

Таму, безумоўна, на Захадзе выкажуць нязгоду і заклапочанасць дзеяннямі беларускіх уладаў, нават прызнаюць Ціханоўскага палітычным зняволеным, але што з гэтага?

Палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо амаль шэсць гадоў сядзіць за кратамі, і каму-небудзь у Еўропе ёсць да гэтага справа? Гадамі чалавека перадпенсійнага веку марынуюць у штрафных ізалятарах, нехта на Захадзе гэтым заклапочаны?

Нехта з заходніх чыноўнікам спытаў падчас сустрэч у Лукашэнкі: “Навошта катаваць у турме старога чалавека?» Не, ніхто пра гэта не пытае. Усім гэта да лямпачкі. І зараз будзе тое самае.

РР: Магчыма, на Захадзе вераць, што Аляксандр Лукашэнка – гэта гарант незалежнасці Беларусі, абаронца краіны ад расейскага агрэсара?

Зміцер Дашкевіч: Еўрапейскім чыноўнікам таксама ў нешта трэба верыць і чымсьці апраўдваць свае эканамічныя інтарэсы.

Іх жа не цікавіць, што гэтая ўлада больш за 20 гадоў паўзла ў Расею, знішчала сваю мову і культуру, рэпрасавала людзей за нацыянальныя сімвалы, будавала Саюзную дзяржаву.

А зараз, аказваецца, гэта гарант незалежнасці. Таму Захаду гэтыя казкі зараз патрэбны, гэдак жа, як патрэбны яны і беларускай уладзе. Яны знайшлі адзін аднаго, таму ні пра якія санкцыі з боку Еўропы і размовы быць не можа. На Захад нават не варта спадзявацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Змітра Дашкевіча.