Вадзім Саранчукоў: Чакаем узмацнення рэпрэсій
Намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў лічыць, што рэпрэсіі ў Беларусі будуць узмацняцца.
Кажа Вадзім Саранчукоў:
– Я думаю, што ў бліжэйшы час хваля рэпрэсій будзе ўзмацняцца. І гайкі будуць закручвацца. Відавочна, што кампанія пераходзіць у непадкантрольную стадыю. І таму я прагназую менавіта гэта. Што тычыцца рэгістрацыі, то ў гісторыі ў нас не было яшчэ выбараў, калі рэальна сабраныя 100 тысяч не праходзілі праз ЦВК, хаця зноў жа рабіць нейкія прагнозы ў сённяшняй Беларусі вельмі складана. Я думаю, што пул кандыдатаў зарэгістравны будзе, безумоўна, не ўсе, але 4 – 5, думаю, будуць зарэгістраваны.
Палітык упэўнены, што сярод зарэгістраваных кандыдатаў будуць імёны Валерыя Цапкалы і Віктара Бабарыкі:
– Аляксандр Лукашэнка, Цапкала, Бабарыка, магчыма, Дзмітрыеў, вельмі малая верагоднасць, што Ціханоўскую зарэгіструюць.
РР: Ці ёсць рэпрэсіі зараз у дачыненні да сябраў БНФ?
– Я ведаю, што сябры ініцыятыўных групаў, якія працуюць у кандыдатаў, яны адчуваюць ціск. Але відавочныя мэтавыя на партыю рэпрэсіі пакуль што, акрамя неўключэння нашых сябраў у камісіі, на сёння пакуль што не фіксуюцца.
Сам палітык сёлета не ўдзельнічае ў палітычнай кампаніі-2020, аднак прымае актыўны ўдзел у кампаніі дапамогі гарадзенскім медыкам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня