Янка Купала ў беларускай філуменіі
Гартаючы старонкі энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала», які выйшаў з друку ў Менску ў 1986 годзе, дарэмна будзеце шукаць там раздзел філуменія, каб даведацца, якія этыкеткі ад запалак прысвечаны беларускаму песняру.
Сапраўды, аўтары-складальнікі Купалаўскай энцыклапедыі ці ўвогуле нічога не ведалі пра Купалаўскую філуменію, ці то палічылі, што гэтыя звесткі не вартыя, каб іх уключыць у энцыклапедыю. Але, калі змяшчаюцца артыкулы па адных галінах калекцыянавання, то трэба абавязкова публікаваць іншыя. Таму вельмі дарэчы там быў бы раздзел, прысвечаны Купалаўскай філуменіі.
У 1967 годзе Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат да 85-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы выпусціў серыю запалак з этыкеткамі. На адной з этыкетак адлюстраваны партрэт песняра, які павернуты направа. Пад ім чорнай фарбай напісаны тэкст: «85 год з дня нараджэння Янкі Купалы». Тэкст акруглены ў правы бок. На другой этыкетцы адлюстравана хата ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Янка Купала. На трэцяй этыкетцы змешчаны здымак музея Янкі Купалы ў Менску.
Пінскі фанерна-запалкавы камбінат таксама ў 1967 годзе выдаў аднатыповую серыю падобным этыкетак на запалках. Але надпіс «85 год з дня нараджэння Янкі Купалы» на гэтых этыкетках напісаны зялёным і сінім колерамі.
Да 90-годдзя Янкі Купалы Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат у 1972 годзе выпусціў запалкі з партрэтам Янкі Купалы і тэкстам: «90 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы», а таксама з музеем Янку Купалы ў Менску і хатай у Вязынцы, дзе ён нарадзіўся.
У 1961 годзе Барысаўскі фанерна-запалкавы камбінат распачаў выпускаць серыю этыкетак на якіх рэкламаваліся творы беларускіх пісьменнікаў. Выйшла з друку і этыкетка, прысвечаная Янку Купалу з тэкстам: «Янка Купала. Падпісвайцеся ў кнігарнях БССР на збор твораў Я.Купалы ў 6 тамах». На этыкетцы таксама змешчаны купалаўскі гусляр і іншыя героі купалаўскіх твораў. Здаецца, больш Купалаўская тэматыка ў беларускай філуменіі не з’яўлялася.
Нагадаю, што тыя, хто займаецца калекцыянаваннем запалкавых этыкетак ці карабкоў ад запалак называюць філуменістамі, а калекцыянаванне этыкетак з карабкоў ад запалак, запалкавых карабкоў, буклетаў (кніжак-запалак) і іншых прадметаў, звязаных з запалкамі, называецца філуменіяй (ад грэцкага «phileo» – люблю і лацінскага «lumen» – агонь ці святло).
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Этыкеткі з калекцыі аўтара