Заява Беларуска-амерыканскага задзіночання ў сувязі з актам вандалізму над помнікам Касцюшку
Беларуска-амерыканскае задзіночанне выказвае сваю занепакоенасць і смутак у сувязі з актамі вандалізму, учыненымі над помнікам Тадэвушу Касцюшку і над Помнікам ахвярам камунізму ў Вашынгтоне.
Тадэвуш Касцюшка – нараджэнец Беларусі, нацыянальны герой Беларусі, Злучаных Штатаў і Польшчы, які змагаўся за свабоду і дэмакратыю, як у сябе на Радзіме, так і ў Злучаных Штатах. Тадэвуш Касцюшка быў праціўнікам рабства і расізму, у сваім тэстамэнце ёе завяшчаў свае грошы на выкуп чорных рабоў і адукацыю чорных амерыканцаў. На гэтыя сродкі была адчынена і дзейнічала школа для дзяцей афра-амерыканцаў у Нью-Джэрзі.
Як і многія амерыканцы, мы заклапочаныя праблемай расавай дыскрымінацыі, якой прысвечаныя сёлетнія масавыя пратэсты ў розных кутках ЗША. Пры гэтым мы адзначаем, што пашкоджанне помніка Тадэвушу Касцюшку цалкам супярэчыць мэтам і ідэям, за якія выступае большасць пратэстоўцаў. Гэтак жа сама супярэчыць мэтам пратэстаў пашкоджанне Помніка ахвярам камунізму – злачыннай бесчалавечнай таталітарнай ідэалогіі, якая стала прычынай гібелі мільёнаў людзей і якая з’яўляецца такой сама непрымальнай для сучаснага свету, як любая форма расізму. Мы спадзяемся, што абодва гэтыя помнікі будуць у бліжэйшы час прыведзены ў належны стан, – гаворыцца ў заяве.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БАЗА