Калектыў Наваградскай ЖКГ выступае супраць Лукашэнкі



У калектыве Наваградскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) загадам мясцовага райвыканкама пачалі збіраць подпісы за Аляксандра Лукашэнку. Але з 600 чалавек, якія там працуюць, подпісы паставілі толькі 26 чалавек, а астатнія выступілі супраць Лукашэнкі і свае подпісы ставіць за яго катэгарычна адмовіліся.

Кіраўніка Наваградскага ЖКГ Мікалая Бараноўскага выклікаў “на кавёр” старшыня Наваградскага райвыканкама Сяргей Федчанка і папярэдзіў, што, калі яго ўвесь калектыў не паставіць подпісы за Лукашэнку, то наступны кантракт з Бараноўскім працягнуты не будзе.

Мікалай Бараноўскі ў бліжэйшы час збіраецца сабраць увесь калектыў ЖКГ і папрасіць, каб яго работнікі паставілі подпісы за Лукашэнку. Але калектыў Наваградскага ЖКГ подпісы ставіць за Лукашэнку і не думае. Наваградчане незадаволены палітыкай сённяшняй улады, а таксама заробкамі, беднасцю і той сітуацыяй, якая адбываецца ў краіне.  

Беларускае Радыё Рацыя, Наваградак