З некралогам пра Нкурунзіза
Не стала кармічнага брата нашага галоўнага вірусолага. У 55 год памёр прэзідэнт Бурундзі П’ер Нкурунзіза. Нкурунзіза і Бурундзі – гэта як саміведаецехто і Беларусь. Толькі ў Афрыцы. Там таксама няма каранціну, тамтэйшы галоўны вірусолаг меў вусы, а прэзідэнцкія выбары праходзілі ў гэтым годзе (толькі ў траўні, а не як у нас, у жніўні).
Нкурунзіза таксама любіў спорт, хацеў кіраваць вельмі доўга і адмаўляў каронавірус. Ён мусіў стаць “вярхоўным правадыром патрыятызму”, а стаў нябожчыкам. Ён не ўводзіў каранцін і гаварыў, што народ Бурундзі ад каронавірусу беражэ Усявышні. Усявышні вырашыў інакш. Мясцовыя СМІ пісалі, што жонка Нкурунзіза патрапіла ў бальніцу з дыягназам COVID-19. Аднак, ці хварэў Нкурунзіза – пакуль не вядома. Напярэдадні, у самы разгар эпідэміі каронавірусу, у Бурундзі прайшлі выбары прэзідэнта. Кіраўніком стаў пераемнік Нкурунзіза. А сам Нкурунзіза пайшоў у іншы свет, дзе няма прэзідэнтаў. Там можна хоць тысячу разоў Канстытуцыю мяняць, але назад праз гэта не вернешся, жывым не станеш.
Чым запомніўся Нкурунзіза? Тым, што памяняў Канстытуцыю, павялічыў працягласць прэзідэнцкага тэрміну да сямі год і тройчы балатаваўся ў прэзідэнты. Тым, што разагнаў пратэсты супраць трэцяга тэрміна прэзідэнта. І адмовіўся ўводзіць каранцін. Аднак, як заўважаюць інтэрнэт-карыстальнікі, у вірусу да прэзідэнта было больш сур’ёзнае стаўленне.