Віктар Бабарыка пракаментаваў сітуацыю з вобшукамі ў „Белгазпрамбанку”
Былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка”, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка пракаментаваў вобшукі, якія праходзяць сёння, 11 чэрвеня, у банку.
Відэа гутаркі Бабарыкі з членамі яго выбарчага штаба апублікаваў тэлеграм-канал „Мая краіна Беларусь”.
„Пачаліся вобшукі ў людзей, цесна са мной звязаных, — сказаў Бабарыка. — Гэта гісторыя ідзе да кампаніі „ПрыватЛізінг”, і яна тычыцца толькі банкаўскай дзейнасці. Распачатыя крымінальныя справы па былых супрацоўніках і дзейных. На пытанне, ці тычыцца гэта Бабарыкі, было сказана: „На гэты момант такі чалавек не праходзіць”. Што гэта азначае? Што штаб у бяспецы, мы працягваем працу”.
Бабарыка папрасіў членаў свайго штаба не перажываць. „Банк будзе разбірацца са сваімі справамі, а штаб гэта не закранае, таму мы рухаемся па агульным плане, — сказаў ён. — Той, хто ўсё ж такі вырашыць, што гэта для яго ўяўляе нейкую там персанальную пагрозу, можа быць, на наступным кроку, мае абсалютна поўнае права ўстаць і сысці. І я шчыра скажу, што я буду вам усім удзячны, незалежна ад таго, якое далей будзе дзеянне, таму што вы зрабілі ўжо вельмі шмат. Дзякуй вам усім вялікі. Я выдатна разумею, што той крок, які вы можаце зрабіць, — застанецеся або пойдзеце, — усё роўна ён на карысць нашай справе. Гэта вельмі важна зразумець — гэта не баязлівасць, не здрада”.
Тое, што адбываецца, Бабарыка назваў націскам персанальна на яго: „Гэта націск на мяне. Фарміраванне комплексу віны за людзей, якія паверылі і пайшлі. Мне не вельмі прыемнае гэта пачуццё, я скажу вам шчыра, але я да яго, у прынцыпе, рыхтаваўся. Я гэта разумею, таму ў вас ёсць поўнае права зрабіць любы выбар. За тое, што вы былі са мной хоць нейкую частку часу і аддалі свае сілы і кампетэнцыі, — вялікі дзякуй”.
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Камітэта дзяржкантролю Кірыл Данілаў, вобшукі праходзяць 11 чэрвеня ў рамках крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам.
„Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і па ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры), — сказаў ён. — У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, а таксама былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сістэмы. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні”.
На ўдакладняльнае пытанне, ці праходзіць па гэтай справе былы старшыня „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, Данілаў адказаў: „Гэта асоба цяпер у рамках расследавання крымінальнай справы працэсуальнага статусу не мае”.
Віктар Бабарыка пакінуў пасаду кіраўніка праўлення „Белгазпрамбанка”, якую займаў амаль 20 гадоў, у сувязі з удзелам у цяперашняй выбарчай кампаніі.
belapan.by
Фота gazetaby.com