Кіраўнік СК пракаментаваў ход расследавання „справы Ціханоўскага”



Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч 11 чэрвеня пасля даклада Аляксандру Лукашэнку пракаментаваў ход расследавання справы ў дачыненні да блогера Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў.

Як паведаміў Наскевіч, каментар якога размешчаны на сайце СК, у рамках расследавання крымінальнай справы аб прымяненні гвалту да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у Гародні падчас аднаго з пікетаў ідзе праца па фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў.

„Цэнтральны апарат Следчага камітэта працягвае расследаванне гэтай крымінальнай справы, распачатай па арт. 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Цяпер гэта крымінальная справа перакваліфікаваная па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу. Выстаўленае абвінавачанне і абраная мера стрымання ў дачыненні да 10 асоб”, — адзначыў кіраўнік СК.

Як заявіў Наскевіч, ідзе „спакойная планавая праца па фіксацыі супрацьпраўных дзеянняў, зборы доказаў”. „Колькі чалавек у канчатковым выніку будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці, я пакуль не скажу. Магчыма, іх будзе больш, магчыма, менш, — працягнуў ён. — Але расследаванне паказвае, што ў ініцыятыўнай групе, фігуранты якой у тым ліку прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці цяпер, было каля паўсотні судзімых асоб, больш за дзясятак неаднаразова судзімых. Якраз практычна ўсе з іх і з’яўляюцца фігурантамі гэтай крымінальнай справы”.

Старшыня Следчага камітэта дадаў, што следства працягваецца і як толькі будзе атрымана інфармацыя, вартая грамадскага інтарэсу, будуць апублікаваныя вынікі расследавання.

Аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця” папулярны блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гародні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. З боку некалькіх жанчын была спроба перашкодзіць блогеру і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце. У выніку адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіў аб распачынанні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тысяч долараў.

9 чэрвеня Следчы камітэт паведаміў, што Ціханоўскаму і яшчэ сямі грамадзянам выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя паводле арт. 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітвязнямі. У абарону блогера выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕС і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.

belapan.by