Ці можа Віктар Бабарыка стаць моцным кандыдатам з прабеларускай пазіцыяй?



Да рэгістрацыі кандыдатаў засталіся лічаныя дні, але ўлады сарваліся. На офіс «Белгазпрамбанку» і шэрагу кампаній, датычных да ранейшай дзейнасці Віктара Бабарыкі, завіталі сілавікі. Паводле паведамленняў Камітэта дзяржкантролю, падставай для дзеянняў стала крымінальная справа па фактах ухілення ад сплаты падаткаў і адмыванне грошай. Віктар Бабарыка адказаў на гэта, што рэакцыяй на незаконны ціск можа быць толькі працяг змагання.

Наезд на фаварыта гэтай выбарчай гонкі Віктара Бабарыку паказвае, што ўлада насамрэч спалохалася і вырашыла адкінуць усе ўмоўнасці ў бок. Нават не сталі чакаць этапу рэгістрацыі кандыдатаў, каб адмовіць па надуманых падставах. Яшчэ ўчора задаваўся пытаннем у тэксце, ці падтрымаюць «патрыёты» рускамоўнага ліберала ў выпадку абвастрэння сітуацыі. Выглядае на тое, што ўсім, каму баліць за Беларусь, варта вызначыцца. Інакш наступная пяцігодка пройдзе па вельмі змрочным сцэнары. Нездарма пасол у Расеі Уладзімір Сямашка прамым тэкстам гаворыць пра тое, што афіцыйны Менск гатовы ісці далей у пытанні інтэграцыі, у прыватнасці, не супраць адзінай валюты. Я сам далёкі ад таго, каб з вялікім энтузіязмам падтрымліваць «эфектыўнага менеджара», але тым, хто сумняецца, што чалавек, звязаны біяграфіяй з Расеяй, можа стаць беларускім патрыётам-дзяржаўнікам, раю пачытаць мемуары Карла Густава Манергейма. Да рэвалюцыі ён быў афіцэрам-кавалерыстам, служыў у элітных частках Расейскай імперыі, стаў георгіеўскім ардэнаносцам і да канца жыцця меў сімпатыі да старога ладу. І гэта не замінала яму стаць бацькам фінскай дзяржавы і тры разы жорстка «адчыхвосціць» бальшавікоў. Прыблізна такая ж трансфармацыя поглядаў адбылася з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам, які, маючы бізнес у Ліпецку і з’яўляючыся прыхаджанінам МПЦ, уратаваў Украіну ў самы складаны момант гібрыднай вайны. Больш за тое, Пётр Аляксеевіч Парашэнка рэалізаваў усе мары нацыяналістаў, пра якія яны толькі гаварылі. Пачынаючы ад вокліча «Слава Украіне» для вайскоўцаў, сканчаючы наданнем аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царкве. Красамоўныя прыклады з Манергеймам і Парашэнкам паказваюць, як абставіны робяць з людзей няпэўных у нацыянальным сэнсе поглядаў і каштоўнасцяў зацятых дзяржаўнікаў.

У выпадку з Віктарам Бабарыкам, які з кожным днём дазваляе сабе ўсё больш упэўненую рыторыку, сітуацыя можа дайсці да таго, што ён сапраўды можа стаць рэальнай альтэрнатывай дзейнаму кіраўніку. І з кожным днём гэта набліжаецца, гледзячы на сапраўдную паніку ва ўладзе, якая то нагадвае ў мірнай еўрапейскай краіне без нацыянальных і канфесійных канфліктаў чамусьці расстрэл ва ўзбецкім Андыжане, то абражае агулам выбарцаў, гаворачы пра нейкія каруселі. Чым гучней крычыць чалавек, у руках якога насамрэч засяроджаныя царскія паўнамоцтвы і якому падпарадкаваныя магутныя спецслужбы, тым мацней выглядае спакойны чалавек, які нагадвае пра патрэбу ў сумленных выбарах. У сацыяльных сетках апошнімі днямі неаднойчы сустракаў, як людзі з прабеларускімі пазіцыямі гавораць пра Бабарыку з захапленнем. Маўляў, які ён круты, што так ветліва размаўляе з людзьмі. За чвэрць стагоддзя беларусы адвыклі ад таго, што кіраўнік можа паважліва ставіцца да падначаленых і не абражаць іх без дай прычыны. І гэтага дастаткова, каб канстатаваць, што прэтэндэнт, які не мае танкаў, у адрозненне ад візаві, круты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ