Пазоў прымусовых выканаўцаў да блогера Пятрухіна
Паводле інфармацыі праваабарончага сайта «Берасцейская вясна», 11 чэрвеня ў Судзе Ленінскага раёна Берасця адбыўся разгляд пазову АПС згаданага раёна да блогера Сяргея Пятрухіна. Прычына – амаль 20 000 беларускіх рублёў нявыплачаных блогерам штрафаў. Суд палічыў, што ёсць усе падставы абмежаваць праз нявыплату штрафаў Сяргею Пятрухіну выезд за межы краіны і кіраванне аўтамабілем да моманту аплаты штрафаў, але не далей за 2025 год.
Кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін, які прысутнічаў на разглядзе:
– Практыка яскрава паказала, хто знаходзіцца ў апазіцыі ў гэтай краіне і ў апазіцыі да каго. Такія людзі як Пятрухін якраз высвятляюць праблемы і агалошваюць.
Штрафы Сяргею Пятрухіну назбіраліся ў апошнія 2 гады як за адміністрацыйныя, так і за крымінальныя справы ў адносінах да яго. Блогер перыядычна сплочвае іх, але незаўсёды на тое хапае сродкаў. Пазоў разглядала суддзя Ала Вінаградава без прысутнасці прадстаўнікоў АПС і самога блогера.
Беларускае Радыё Рацыя