Лукашэнка: Будуць адказваць паводле закона, трэба — сядуць



Камітэт дзяржкантролю правярае „Белгазпрамбанк” паводле даручэння Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў 12 чэрвеня ў Полацку (Віцебская вобласць), адказваючы на пытанні журналістаў.

„Шчыра скажу, у нюансы пакуль не пагружаны, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — У дэталях не ведаю, што там адбываецца. Але я даручыў старшыні Камітэта дзяржкантролю (там фінансавая міліцыя гэтым займаецца). Зараз у вялікіх аб’ёмах ідуць аператыўныя і следчыя мерапрыемствы”.

„Нават вы як журналіст, напэўна, бачылі гэтыя неправамерныя дзеянні замежнага банка ў Беларусі, — дадаў Лукашэнка. — Мы гэта таксама бачылі. Натуральна, вы ведаеце наш парадак: ніхто нікому не даў права займацца няправеднымі справамі, у тым ліку гэтаму банку”.

Паводле слоў Лукашэнкі, па шляху ў Полацк у верталёце ён прачытаў асноўныя матэрыялы ў дачыненні да банка і заявы. „Што мяне ўразіла: гэты нягоднік (мяркуючы па ўсім, гаворка пра былога кіраўніка „Белгазпрамбанка” прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыку. — БелаПАН.), інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто не мае, гэта яны там… Слухайце, яны ўсе былі не толькі ў яго намеснікамі. Гэта адна шайка-лейка. Мы гэта бачым з 2016 года. Мы гэта бачылі. Навошта ж ты на іх валіш сёння? Ты быў кіраўніком, яны ў цябе намеснікамі. І ўсё, што там рабілася, магло без кіраўніка адбывацца? Не”, — заявіў Лукашэнка.

Згодна са словамі кіраўніка дзяржавы, ёсць поўная інфармацыя, што „гэта яго (Бабарыкі. — БелаПАН.) былі задумы, ён утварыў гэтыя структурныя пракладкі тыпу „ПрыватЛізінгу”.

„Працавалі па гэтым банку і па ім з 2016 года, — сцвярджае Лукашэнка. — Выявілі вывад грошай, замежныя рахункі, замежную ўласнасць іх. На Кіпры. У Латвіі рахункі, Лондане. Але замежнікі інфармацыю нам — з 2016 года мы прасілі — далі толькі ў снежні мінулага года. Праваахоўныя органы актывізавалі гэтыя дзеянні. Таму з’явіліся пытанні”.

Як паведамляе прэс-служба, Лукашэнка „прапанаваў задаць адпаведнаму чалавеку пытанне: чаму ён пайшоў у прэзідэнты?”. „Калі смятанка на вусах, не лезь туды. Таму што цябе расхвошча сам народ. Чаго палез? Таму што зразумеў, што да яго прыйдуць і надзенуць наручнікі. А ў нас жа цяпер выгадна займацца палітыкай, каб стаць вязнем сумлення. Вось чаму ён пайшоў туды. Але гэта яму не дапаможа”, — падкрэсліў Лукашэнка.

„Крычыць: датычны не датычны, улады націскаюць на кагосьці. Як перад Богам клянуся, што мне гэта цяпер у перадвыбарнай кампаніі не трэба. Таму што будуць крычаць: баіцца кагосьці. Я нікога не баюся! І мне гэтая сітуацыя нявыгадная, але нягоднікаў трэба было спыняць, таму што пачалі хаваць канцы ў ваду. Не атрымалася”, — дадаў Лукашэнка.

Ён паведаміў, што ў межах крымінальнай справы затрымана 15 чалавек. „Але ён не разумее іншага, — сказаў Лукашэнка. — Калі яго саўдзельнікаў адправілі на нары, яны ўжо ўчора ўвечары ўсё расказалі. За дзве гадзіны прынеслі 14 тысяч долараў, потым яшчэ 600 тысяч ці 800 тысяч долараў. Там зліткі золата, карціны, усё прынеслі адразу, толькі не чапайце. З імі акуратна абышліся. Яны ўсё расказваюць. Таму яму давядзецца гэта ўсё расказаць. І я хачу, каб ён трапіў на выбары. Каб ён прыйшоў і расказаў, адкуль уласнасць на Кіпры, як пры такой „лукашэнкаўскай дыктатуры” ён стварыў гэтую ўласнасць, як ён хабары даваў, дзяліў грошы, чаму замежны банк гэтым займаўся… Гэта ўсё трэба расказаць беларусам. І яны няхай потым вызначацца. Але вязнем сумлення мы яго не зробім”.

Лукашэнка заявіў, што ў гэтым выпадку паводле вынікаў расследавання будзе запрошаны Інтэрпол і замежныя спецыялісты, каб яны прааналізавалі дакументы. „Расейцаў, амерыканцаў, еўрапейцаў, і аддам ім дакументы. І няхай яны зробяць высновы на адпаведнасць дзеянняў праваахоўных органаў нашым законам. І будуць адказваць паводле закона, трэба — сядуць. Перад законам усе роўныя”, — заявіў ён.

„Вы не думайце, што там з боку Лукашэнкі нейкі накат. Ніякага накату няма. Мне гэта зараз і не трэба было”, — сказаў афіцыйны лідар.

Ён таксама паведаміў, што папрасіў аднаго з членаў урада сказаць Бабарыку: „Праўда і толькі праўда! Другое — усё, што выкраў, вярні народу. Магчыма, суд гэта ўлічыць. А старшыні КДК, які займаецца гэтым пытаннем, я даручыў, каб ён народу ўсё выклаў, расказаў, што ёсць. Каб яны не думалі, што тут ідзе нейкі штучны накат. Нам ён не патрэбны”.

Раніцай 11 чэрвеня ў галаўным офісе „Белгазпрамбанка”, які прыблізна 20 гадоў узначальваў Віктар Бабарыка, а таксама ў шэрагу іншых кампаній прайшлі вобшукі.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Камітэта дзяржкантролю Кірыл Данілаў, вобшукі праводзіліся ў межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. „Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры), — сказаў ён. — У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, а таксама былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сістэмы. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні”.

На пытанне, ці праходзіць па гэтай справе Бабарыка, Данілаў адказаў: „Гэтая асоба ў цяперашні час у межах расследавання крымінальнай справы працэсуальнага статусу не мае”.

11 чэрвеня на экстраннай прэс-канферэнцыі, скліканай у Менску ў сувязі з вобшукамі, Бабарыка заявіў: „Улады паказалі, што гатовыя выкарыстаць любыя сродкі для недапушчэння сумленных выбараў”. „Увесь цынізм гэтых дзеянняў заключаецца ў тым, што яны накіраваныя не на мяне. Яны накіраваныя на маіх сяброў, на людзей, з якімі я працаваў. Чаму гэта зроблена? Таму што прамога кампрамату на мяне няма, і ёсць вялікая надзея, што людзей запалохаюць, што людзей прымусяць гаварыць няпраўду, агаворваць сябе і іншых людзей”, — падкрэсліў Бабарыка.

Ён дадаў, што працягне палітычную кампанію, нягледзячы на гэтыя падзеі.

Увечары 11 чэрвеня была заблакаваная праца сайта MolaMola, заснаванага сынам Віктара Бабарыкі Эдуардам. „Сёння з 19.10 пачаліся памылкі па пераводах аўтарам кампаній на „МолаМола”, — гаварылася ў афіцыйнай заяве MolaMola. — Магчымасць ажыццяўляць аперацыі заблакаваная з боку банка. Рашэнне аб блакаванні прынятае кіраўніцтвам банка. Каманда „МолаМола” будзе рабіць усё магчымае, каб аднавіць працу сайта”.

Раніцай 12 чэрвеня стала вядома пра затрыманне ў Магілёве і Гомелі членаў выбарчага штаба Бабарыкі Уладзіміра Дударава і Сяргея Кармызава.

belapan.by