Сталі вядомыя супернікі ХК «Менск» у ЧЕ-2021 па індархакеі



Сталі вядомыя супернікі мужчынскай і жаночай каманд ХК «Менск» у чэмпіянатах Еўропы-2021 па індархакеі, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі хакея на траве. Кантынентальны форум сярод мужчынскіх каманд адбудзецца 12-14 лютага ў турэцкай Аланіі. Менчукі патрапілі ў групу В, дзе іх супернікамі стануць аўстрыйскі «Пост», «Дынама-Электрасталь» з Расеі і турэцкі клуб «Газіанцер». У аналагічным турніры сярод жаночых каманд месца і даты правядзення спаборніцтваў стануць вядомыя пазней. Хакеісткі «Менска» трапілі ў групу А, дзе іх суперніцамі будуць спартоўкі з нямецкага «Дэр Альстер», «Дынама-Электрасталь» з Расеі, швейцарскага «Рот-Вайс».

Аляксей Шпілеўскі і Уладзімір Нявінскі атрымалі ліцэнзію PRO

У Акадэміі трэнерскага майстэрства РФС прайшлі выпускныя экзамены трэнераў, якія прэтэндавалі на атрыманне ліцэнзіі PRO. У ліку якія паспяхова здалі экзамен два беларускія спецыяліста: Аляксей Шпілеўскі і Уладзімір Нявінскі, паведамляе sport-express.ru.

Стэйсі Элестэр стала першай жанчынай, прызначанай на пасаду дырэктара «US Open»

Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі тэніса ЗША Стэйсі Элестэр прызначаная на пасаду дырэктара адкрытага чэмпіянату ЗША (US Open), паведамляе прэс-служба турніру. Элестэр стала першай жанчынай, якая ўзначаліла «US Open» за 140-гадовую гісторыю турніру. У яе абавязкі будуць уваходзіць узаемадзеянне з гульцамі, выкананне тэхнічных функцый і складанне раскладу матчаў. На гэтай пасадзе яна змяніла Дэвіда Бруэра, які сышоў у адстаўку пасля леташняга турніру. Ён быў кіраўніком турніру з 2011 года.

Лісабон прыме ўсе астатнія матчы Лігі чэмпіёнаў-2019/20

Усе астатнія матчы Лігі чэмпіёнаў-2019/20 перапыненай з-за каронавіруса, пройдуць у Лісабоне. У сталіцы Партугаліі адбудзецца не толькі фінальны міні-турнір, але і матчы ў адказ 1/8 фіналу. У Лісабоне пройдуць перанесеныя з-за пандэміі матчы «Ман Сіці» – «Рэал» (першы матч – 2:1), «Баварыя» – «Чэлсі» (3:0), «Ювентус» – «Ліён» (0:1 ) і «Барселона» – «Напалі» (1:1). Раней стала вядома, што матчы ў адказ 1/8 фіналу ЛЧ плануюць правесці 8 і 9 жніўня. У 1/4 фіналу ўжо выйшлі «ПСЖ», «Атлетыка», «Аталанта» і «Лейпцыг».

Нападнік «Бостана» Пастрняк чацвёрты год запар прызнаны найлепшым хакеістам Чэхіі

Форвард клуба НХЛ «Бостан» Давід Пастрняк у чацвёрты раз стаў уладальнікам прыза «Залатая клюшка», які ўручаецца найлепшаму гульцу года ў Чэхіі, паведамляе прэс-служба Федэрацыі хакея Чэхіі. Ён стаў першым гульцом пасля Яраміра Ягра, які ўдастойваўся прыза чатыры разы запар. Усяго Ягр прызнаваўся найлепшым 12 разоў, што з’яўляецца найвышэйшым дасягненнем. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце НХЛ, які быў датэрмінова завершаны з-за пандэміі каронавіруса, 24-гадовы Пастрняк падзяліў з расейцам Аляксандрам Авечкіным прыз «Морыс Рышар Трофі», які ўручаецца найлепшаму снайперу. На рахунку абодвух хакеістаў па 48 шайб.

Беларускае Радыё Рацыя