Перамір’е захоўваецца, зафіксаваны несістэмныя абстрэлы АТО (абноўлена)



Прадстаўнікі незаконных узброеных фарміраванняў 15 лютага не прапусцілі назіральнікаў Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ў Дэбальцава Данецкай вобласці. Пра гэта на брыфінгу паведаміў міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін. Раней прэзідэнт Пятро Парашэнка заклікаў прадстаўнікоў АБСЕ назіраць за тым як выконваецца перамір’е на Дэбальцаўскім плацдарме і заклікаў прадстаўнікоў агульнага цэнтру па кантролі і каардынацыі па пытаннях спынення агню неадкладна адправіцца ў Дэбальцава.

* * *

Рэжым спынення агню паміж апалчэнцамі ў Данбасе і ўкраінскімі сілавікамі ў цэлым ўдаецца выконваць, акрамя раёна Дэбальцава, дзе знаходзіцца некалькі тысяч акружаных украінскіх вайскоўцаў, паведамляе РІА Навіны. Тым не менш, у першыя гадзіны „рэжыму цішыні” бакі сталі вінаваціць адзін аднаго ў парушэнні дамоўленасцей. Так, намеснік камандуючага корпусам Мінабароны ДНР Эдуард Басурын заявіў, што ў дзве гадзіны ночы рэшткі групоўкі акружаных ўкраінскіх сілавікоў у Дэбальцава адкрылі артылерыйскі і мінамётны агонь па пазіцыях ДНР і ЛНР. У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Святаслаў Цэголка абвінаваціў апалчэнцаў ДНР у тым, што яны 10 разоў парушылі рэжым спынення агню, абстраляўшы пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў.

Пазней прадстаўнік Генштаба Украіны Уладзіслаў Селязнёў удакладніў, што дзевяць з гэтых абстрэлаў былі сканцэнтраваны ў раёне дебальцаўскага плацдарма. Аднак ужо бліжэй да поўдня ў Генштабе Украіны заявілі, што c трох гадзін раніцы (04.00 мск) абстрэлаў пазіцый кіеўскіх сілавікоў не было зафіксавана.

У сваю чаргу прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што сітуацыя пад Дэбальцава можа быць выкарыстана для зрыву рэжыму спынення агню.

* * *

“Мірны працэс цяпер знаходзіцца пад вялікай пагрозай. Не выключана, што сепаратысты выкарыстаюць напружанасць сітуацыі пад Дэбальцавым, каб парушыць рэжым спынення агню”, – адзначыў у час агучвання сваёй заявы ў Генеральным штабе прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка:

– Цягам апошніх дзён я працаваў у двух кірунках – гэта канцэнтрацыя дыпламатычных намаганняў для дасягнення Менскіх дамоўленасцей і каардынацыя дзеянняў сілавікоў для таго, каб забяспечыць абарону зададзеных межаў. Некалькі гадзін таму я меў размову з Баракам Абамам, за гадзіну перад гэтым я размаўляў з Ангелай Меркель і Франсуа Аландам.

Пакуль што ў зоне канфлікту на Данбасе адзначаецца рэзкае зніжэнне напружанасці. Пра гэта паведаміў каардынатар групы “Інфармацыйны супраціў” Дзмітры Тымчук на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Фіксуюцца адзінкавыя абстрэлы з боку баевікоў – каля дзесяці абстрэлаў, пераважна ў напрамку Дэбальцава і Луганску. Актыўных наступальных дзеянняў сепаратысты не ажыццяўляюць.

* * *

Цэлы свет – у чаканні таго, як будзе выконвацца дамоўленасць пра спыненне агню на ўсходзе Ўкраіны. Гэтая дамоўленасць была дасягнута ў час сутрэчы ў Менску лідараў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі.

Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў у Генеральным штабе, што ён аддае загад сілам, якія задзейнічаныя ў антытэрарыстычнай аперацыі, спыніць агонь ад 00 гадзін 15-га лютага:

– Україна заўсёды вельмі адказна ставілася да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў. Мы поўныя рашучасці яшчэ раз давесці: ўзброеныя сілы Украіны, Нацыянальная Гвардыя, падраздзяленні пагранічных войскаў і МУС, падраздзяленні Службы бяспекі Украіны  выканаюць мой наказ як вярхоўнага галоўнакамандуючага прыпыніць агонь уздоўж усёй лініі сутыкнення з воргам у  Данецкай і Луганскай абласцях.

Як пішуць украінскія СМІ, у 00.25 мясцовага часу ўкраінскі бок паведаміў пра першы выпадак парушэння рэжыму спынення агню. Прарасейскія сепаратысты абстралялі пазіцыі ўкраінскіх урадавых сіл каля вёскі Залатое ў Луганскай вобласці. Украінскі бок запрасіў прадстаўнікоў АБСЕ дзеля маніторынгу выканання менскіх дамоўленасцяў. Пакуль Украіна заяўляе пра несістэмныя парушэнні перамір’я.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота REUTERS