У Беларусі ад COVID-19 памерлі ўжо больш за 300 чалавек



Колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 дасягнула 53.241, памерлі 303 чалавекі (плюс пяць за апошнія суткі), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Прырост хворых за суткі склаў 721 выпадак (1,4%). Пасля двух сутак зніжэння гэты паказчык зноў пачаў расці (у папярэднія суткі было 704 новыя выпадкі і пяць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна адзначае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Паправіліся і выпісаныя 29.111 пацыентаў, у тым ліку за апошнія суткі — 1.351.

Усяго праведзена 714.324 тэсты на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 17.313.

Колькасць ахвяр каранавіруса ў Беларусі перавысіла 100 4 траўня, 200 — 25 траўня.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку хворых па абласцях і Менску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

12 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у Беларусі Батыр Бердыклычаў паведаміў журналістам, што Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на стадыі лакальнай перадачы каранавіруснай інфекцыі COVID-19, і сітуацыя досыць сур’ёзная.

„Мы бачым, што з надыходам лета ў людзей назапасілася нейкая стомленасць, яны перастаюць усведамляць усё яшчэ існую небяспеку. Гэтая тэндэнцыя вельмі хвалюе, таму што вірус нікуды не падзеўся, небяспека захоўваецца, нягледзячы на некаторую стабілізацыю і зніжэнне колькасці новых зарэгістраваных выпадкаў”, — адзначыў ён.

Бердыклычаў падкрэсліў, што „прыкмет сезоннасці ў гэтага віруса няма” — ён распаўсюджваецца і ў краінах з гарачым кліматам. „Таму спадзявацца, што летам вірус сам сыдзе, не даводзіцца. Усе рэкамендацыі застаюцца ранейшымі: рэспіраторны этыкет, гігіена рук, фізічнае дыстанцыяванне, а дзе яно немагчымае — нашэнне масак”, — сказаў прадстаўнік СААЗ.

belapan.by