Каманда Бабарыкі перадала ў выбаркамы першыя 75 тысяч подпісаў



Першыя 75 тысяч подпісаў, сабраных за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Віктара Бабарыкі, перададзеныя 13 чэрвеня ў выбарчыя камісіі.

„Першыя 75.000 подпісаў пададзеныя сёння ў раённыя камісіі па выбарах! 75.000 вывераных, стопрацэнтных, цудоўных галасоў за нашу будучыню! За кароткі тэрмін мы з вамі зрабілі амаль немагчымае — прынялі цвёрдае рашэнне, паставілі вялікую мэту і практычна ўвасобілі яе ў жыццё. Дзясяткі тысяч людзей, якія галасуюць за сваю будучыню, — гэта ўражвае і натхняе на новыя задачы”, — гаворыцца на афіцыйным сайце Бабарыкі.

„Ёсць яшчэ цэлых 6 дзён — і ў нашых сілах сабраць як мінімум дзесяць разоў па столькі! Мы справімся — і разам пераможам!” — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Акрамя працэдуры верыфікацыі і пацверджання подпісаў штаб Бабарыкі распрацаваў спецыяльную працэдуру здачы лістоў у камісіі па выбарах. „Мы ведаем, якім чынам, куды і ў якім парадку пададзены кожны подпіс выбаршчыкаў”, — падкрэсліваюць у штабе.

Паводле дадзеных афіцыйнага сайта Бабарыкі, на гэты момант у яго падтрымку сабрана 335 тысяч подпісаў.

Раней у штабе планавалі, што збор подпісаў працягнецца да 14 чэрвеня, аднак было вырашана працягнуць прыём да 18 чэрвеня, так як была ўзмоцненая каманда праверкі подпісаў.

Каментуючы падчас стрыму вечарам 12 чэрвеня сітуацыю з вобшукамі, затрыманнямі і заявамі Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды, Бабарыка сказаў: „Ёсць станоўчыя моманты, а менавіта тое, што быццам бы, нягледзячы на падзеі, што адбываюцца, было сказана, што мяне ўсё ж такі хочуць бачыць у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Ёсць вялікая надзея, што нашу групу і мяне зарэгіструюць, і мы раскажам усю праўду беларускаму народу аб тым, хто такі Віктар Бабарыка, і пагутарым ужо ў фармаце размовы з усёй краінай”.

Усяго ЦВК зарэгістравала 14 ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. Збор подпісаў праходзіць з 21 траўня па 19 чэрвеня.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты пройдзе з 5 па 14 ліпеня, пасля чаго стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by