Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў карцар
Блогер Сяргей Ціханоўскі, які знаходзіцца ў СІЗА-1 Менска, змешчаны ў карцар, паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
„Палітвязень Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў карцары ў СІЗА-1 і прабудзе там да 19 чэрвеня”, — адзначаюць праваабаронцы.
Пра такую меру ў дачыненні да Ціханоўскага стала вядома пры спробе накіраваць яму перадачу ў СІЗА. Дакладная прычына накладзенага пакарання пакуль невядомая.
Аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця” папулярны блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА-1 як абвінавачваны па справе на падставе ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Ён быў затрыманы 29 траўня ў Гародні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. З боку некалькіх жанчын была спроба перашкодзіць блогеру і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце. У выніку адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіў аб распачынанні крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тысяч даляраў.
11 чэрвеня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч пасля даклада Аляксандру Лукашэнку пракаментаваў ход расследавання справы ў дачыненні да Ціханоўскага і яго паплечнікаў. У прыватнасці ён сказаў, што „выстаўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання ў дачыненні да 10 асобаў”.
Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітвязнямі. У абарону блогера выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕЗ і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.
belapan.by