Цапкала: Расея заняла нейтральную пазіцыю і будзе арыентавацца на выбар народа



На цяперашніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі Расея заняла нейтральную пазіцыю і „будзе, натуральна, найперш арыентавацца на выбар беларускага народа”. Такое меркаванне выказаў прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы Валерый Цапкала 15 чэрвеня ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Эхо Москвы”.

„Я не бачу зараз, каб Расея нейкім чынам актыўна ўмешвалася ва ўнутрыпалітычны працэс у Беларусі”, — сказаў Цапкала.

Беларускія ўлады і падкантрольныя ім СМІ неаднаразова заяўлялі пра замежнае ўмяшанне ў выбары, пры гэтым канкрэтная краіна не называлася, але згадваліся „расейскія алігархі”. Жальбы на ўмяшанне з’явіліся пасля таго, як пра рашэнне балатавацца на найвышэйшы дзяржаўны пост абвясціў экс-старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка.

У прыватнасці 1 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам заявіў: „Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю. На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б”.

4 чэрвеня, прымаючы рашэнні па новым складзе ўрада, афіцыйны лідар выказаўся аб шматлюдных пікетах па зборы подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў: „На Камароўцы разгарнулі бел-чырвона-белы і еўрапейскі сцяг. І тыя, хто сёння фінансуецца за кошт расійскіх алігархаў, дакладна зразумелі, што на грошы расійскіх алігархаў яны да ўлады вядуць вось гэтую адмарожаную, так званую радыкальную, апазіцыю”.

14 чэрвеня тэлеканал „Беларусь 1”, каментуючы выказванні Лукашэнкі пра крымінальную справу „Белгазпрамбанка”, асноўнымі акцыянерамі якога з’яўляюцца расейскія структуры, заявіў: „Відавочна, што справа ідзе да абнародавання куды больш сур’ёзных фактаў па куды больш сур’ёзных катэгорыях. Напрыклад, па факце ўмяшання замежнай дзяржавы ў беларускія ўнутраныя справы”.

belapan.by