Кніжная выстава „Пад гербам Полацка і сцягам маладосці”



Полацкі музей беларускага кнігадрукавання, нягледзячы на пандэмію каронавірусу, працягвае ствараць новыя часовыя экспазіцыі. Найноўшая выстава называецца „Пад гербам Полацка і сцягам маладосці” (маладыя аўтары Полаччыны ХХ–ХХІ стст.).

Выстава прысвечана пераважна творчасці літаратараў Полаччыны ў кантэксце ад пачатку ХХ стагоддзя да нашых дзён. На сайце музея аўдыёгід тлумачыць ідэю выставы:

– Выстава прысвечана творчасці маладых літаратараў Полаччыны ў шырокім часавым кантэксце. Паняцце маладоў літаратуры разглядаецца ў некалькіх аспектах, як творчасць маладых аўтараў, як літаратура новая, сучасная, як творы для юнацтва і моладзі. На выставе прадстаўлены кнігі беларускіх пісьменнікаў ХХ – ХХІ стагоддзяў, перш за ўсё звязаных з Полаччынай. На мэце стваральнікаў часовай экспазіцыі было прадставіць літаратуру Полаччыны ў кантэксце беларускай літаратуры ад пачатку ХХ стагоддзя і да нашых дзён.

Выстава „Пад гербам Полацка і сцягам маладосці” (маладыя аўтары Полаччыны ХХ–ХХІ стст.) будзе працаваць да 16 жніўня.

Музей таксама працягвае папаўняць віртуальную выставу „Служэнне роднаму слову”. У гэтых матэрыялах прадстаўлены беларускія пісьменнікі, юбілеі якіх прыпадаюць на красавік – чэрвень 2020 года.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота book.polotsk.museum.by