Пра арыштаваныя карціны



У Беларусі арыштавалі Шагала і Суціна. Саміх мастакоў няма ў жывых. А таму абмежаваліся іхнымі карцінамі. Іх далучылі да крымінальнай справы па справе Белгазпрамбанка. Але штосьці падказвае, калі б яны жылі, то сусветна вядомыя мастакі таксама апынуліся б за кратамі, зразумела, у межах крымінальнай справы.

150 карцін коштам каля 20 мільёнаў долараў канфісакавалі з іншымі каштошнасцямі падчас вобшуку 11 чэрвеня. Цяпер у галерэі “Арт-Беларусь” замест палотнаў вісяць QR коды ў пустых рамках на чыстых сценах. Наведаць галерэю без канфіскаваных карцін можна будзе бясплатна з 16 чэрвеня. Карціны канфіскавалі нібыта праз тое, што іх хацелі вывезці за мяжу. Хаця работы вядомых мастакоў, прадстаўнікоў Парыжскай школы і ўраджэнцаў Беларусі, наадварот набывалі на аўкцыёнах і вярталі ў Беларусь. І самае цікавае, што яшчэ некалькі гадоў таму БТ наадварот паказвала і хваліла Белгазпрамбанк за вяртанне карцін на радзіму. І тут такі паварот меркавання на 180 градусаў: у праграме “Главный эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” вядучы Іван Эйсмант распавядае пра вобшукі ў банку і канфіскацыю грошай, якія, паводле следства, здабытыя незаконным шляхам. А да справы далучаныя і карціны Шагала, Хаіма Суціна і іншых мастакоў. Сам Віктар Бабарыка абвінавачванні, што карціны хацелі вывезці за мяжу, назваў абсурднымі. А інтэрнэт-карыстальнікі пачалі абмяркоўваць лёс карцін. Хтосьці выказаў меркаванне, што хутка карцінамі ўпрыгожаць рэзідэнцыю. Хтосьці заявіў, што карціны могуць каму-небудзь падараваць. А хтосьці напісаў, што не здзівіцца, калі ў бліжэйшы час у навінах заявяць, што Шагал і Суцін даюць паказанні супраць Вікктара Бабарыкі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ