Рух Салідарнасці „Разам” у абарону палітвязняў



Рух Салідарнасці „Разам” прыняў заяву ў абарону палітвязняў, людзей, якіх незаконна затрымалі і катуюць у турмах. У заяве гаворыцца наступнае:

„СПЫНІЦЬ ТЭРОР СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКІХ ПАЛІТЫКАЎ, БЛОГЕРАЎ, ЖУРНАЛІСТАЎ І АКТЫВІСТАЎ АПАЗІЦЫІ! НЕ – КАТАВАННЯМ У ТУРМАХ!

Для правядзення выбарчага фарсу спецслужбы рэжыму Лукашэнкі ўжо паўгады груба парушаюць беларускае і міжнароднае заканадаўства, незаконна засуджваючы да вялікіх тэрмінаў адміністрацыйнага зняволення і вялікіх штрафаў прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці. Пры гэтым упершыню пачалі выкарыстоўваць практыку вынясення прысуду па 15 сутак запар на некалькі месяцаў арышту аднаму чалавеку, цалкам парушаючы усялякія нормы. Умовы зняволення ў адміністрацыйных турмах Рэспублікі Беларусь і раней можна было прыраўняць да катаванняў, цяпер турэмная адміністрацыя наладзіла сапраўдны тэрор супраць беларускіх палітвязняў. Людзей безпадстаўна збіваюць, не даюць спаць, ствараюць падкрэслена антысанітарныя ўмовы, пастаянна падвяргаюць здзекам, цалкам блакіруючы ўсе прадугледжаныя заканадаўствам магчымыя сувязі са знешнім светам. Асаблівы трагізм сітуацыі дадае тое, што адміністрацыйныя турмы зараз з’яўляюцца крыніцай распаўсюджвання каронавірусу, яшчэ ў траўні былі зафіксаваныя першыя выпадкі інфікавання актывістаў апазіцыі ў выніку незаконных адміністрацыйных арыштаў.

Зараз за кратамі знаходзяцца вядомыя лідары беларускай апазіцыі Мікола Статкевіч, Павел Севярынец і вялікая колькасць сумленных і шчырых беларускіх патрыётаў. Па дадзеных Праваабарончага цэнтру „Вясна”, толькі з 6 чэрвеня асуджаны мінімум 93 чалавекі да 1198 сутак арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу, і мінімум 102 чалавекі засуджаныя да штрафаў агулам – каля 86000 рублёў.

Мы звяртаемся да беларускай і міжнароднай супольнасці:

Не дазваляйце рэжыму Лукашэнкі забіваць беларускіх палітыкаў і патрыётаў.

Свабоду Мікалаю Статкевічу!

Свабоду Паўлу Севярынцу!

Свабоду Максіму Вінярскаму!

Свабоду палітвязням!

Не – катаванням у турмах!

Жыве Беларусь!

16.06.2020″.