Уладзімір Няпомняшчых: Сваю місію я выканаў
Прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Уладзімір Няпомняшчых распавёў, з чым ён падыходзіць да завяршэння этапа збору подпісаў.
Уладзімір Няпомняшчых: Я, як “кандыдат пратэсту”, збіраў подпісы толькі тых, хто даваў згоду працаваць падчас выбараў назіральнікам. Натуральна, што 100 тысяч подпісаў мне не былі патрэбны. Я і сам ведаю, што празрыстых выбараў у Беларусі няма і пакуль не прадбачыцца, а таму няма чаго дурыць галаву сабе і людзям.
А вось назіральнікі падчас выбараў патрэбны, каб фіксаваць парушэнні і агалошваць гэтыя факты. Нельга дазваляць уладам зусім ужо садзіцца на галаву народу. Натуральна, многія махнулі рукой на гэтыя выбары, маўляў, вынік і так вядомы. Але ж некаму трэба будзе і давесці факты фальсіфікацый да грамадскасці. У тым ліку, і міжнароднай.
РР: Колькі чалавек далі згоду быць назіральнікамі?
Уладзімір Няпомняшчых: Больш за сто чалавек, хаця я быў на пікетах у асноўным толькі на выходныя дні. Так што можна сказаць, сваю місію я выканаў. І, шчыра кажучы, задаволены гэтай лічбай, хаця разумею, што сёння нехта даў згоду быць у камандзе назіральнікаў, а заўтра перадумае.
РР: Падчас вашых пікетаў правакацый не было?
Уладзімір Няпомняшчых: Былі спробы дробных правакацый, і, акрамя таго, часам пікеты здымалі на камеру сілавікі.
А тыдзень таму мяне адвезлі ў РУУС і хацелі “прышыць”, што я, як быццам, праводзіў мітынг. Які мітынг, калі мне дазволена збіраць подпісы і размаўляць з людзьмі?
А ўвогуле, сілавікоў больш цікавіў Сяргей Ціханоўскі, таму ўсе пытанні датычыліся яго асобы. Натуральна, ніякіх адказаў яны ад мяне не дачакаліся.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя