Пра сітуацыю вакол Святланы Ціханоўскай



Святлана Ціханоўская можа зняць кандыдатуру. Пра гэта прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду заявіла ў спецыяльным відэазвароце, разасланым у рэдакцыі незалежных СМІ. На кадрах лаканічнага відэа – разгубленая жанчына са слязьмі на вачах, якая заяўляе, што ёй перад здачай подпісаў у адну з гомельскіх раённых адміністрацый патэлефанавалі невядомыя з украінскага нумару і запатрабавалі спынення выбарчай агітацыі. У адваротным выпадку ананімы пагражалі адабраць дзяцей. І хоць Святлана Ціханоўская прама не заявіла, што сыходзіць з дыстанцыі, але просіць прыхільнікаў паставіцца з разуменнем да любога яе рашэння, паколькі на кану самае дарагое, што для яе ёсць, – дзеці.

Днём раней, 15 чэрвеня, Святлана Ціханоўская гаварыла пра тое, што яе адносна нешматлікая ініцыятыўная група змагла сабраць неабходныя 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты. У праўдзівасць яе заявы верыцца, паколькі менавіта да стэндаў “Краіна для жыцця” стаялі кіламетровыя чэргі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, якія сталі сімвалам сёлетніх выбараў і якія так напалохалі ўладу. Грамадзяне Беларусі, зрэшты, падпісваліся не за Святлану, а супраць афіцыйнага курса дзяржавы, падтрымлівалі пратэст, сцягам якога стаў яе муж, папулярны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі. Зрэшты, прэтэндэнтка не адзін раз сама сціпла заяўляла, што яе роля – быць тэхнічным кандыдатам. І гэта ўсе разумелі без лішніх словаў. Калі Сяргея Ціханоўскага змясцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, а потым увогуле перавялі ў следчы ізалятар у Менску, хатняя гаспадыня Святлана Ціханоўская раптам стала ўвасабленнем народнага гневу. Менавіта сямейная пара Ціханоўскіх стала асацыявацца са стыхійным вулічным пратэстам, які падтрымліваюць найбольш гарачыя галовы. Зразумела, наяўнасць у выбарчым бюлетэні нават “тэхнічнага кандыдата”, за якім гатовая ісці вуліца, – крок з пункту гледжання захавання ўлады рызыкоўны. Таму ціск на прэтэндэнтку быў заканамерна надзвычайны.

Тыдзень таму Святлана Ціханоўская заявіла, што здымае свае пікеты ў рэгіёнах і сталіцы, паколькі непакоілася, што ў дачыненні да зборшчыкаў подпісаў могуць быць арганізаваныя правакацыі. Яе турботы не былі беспадстаўнымі, бо менавіта ў дачыненні да сябраў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай сілавікі праяўлялі самую вялікую ўвагу. І вось заканамерна сітуацыя падыходзіць да развязкі. У бліжэйшы час у Святланы Ціханоўскай застаюцца некалькі варыянтаў для паводзінаў. Першы – працягваць змаганне, не звяртаючы ўвагу на пагрозы і ў спадзеве на падтрымку з боку беларускага грамадства (найбольш рызыкоўны варыянт, супраць якога цяпер дзейнічаюць арганізатары цкавання). Другі шлях – сысці з дыстанцыі без далейшай актыўнасці. Трэці варыянт – выказаць падтрымку іншаму альтэрнатыўнаму кандыдату, пазіцыі якога ўзмацняцца ад такога рашэння. Зрэшты, як бы не адрэагавала Святлана Ціханоўская, яна мае абсалютную рацыю, што яе павінны зразумець. Беларускаму грамадству трэба навучыцца бараніць сваіх лідараў. Інакш шанцы на змену не з’явяцца ніколі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ