Ціханоўская здала ў выбаркамы Гомеля першыя 8 тыс подпісаў
Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Святлана Ціханоўская 16 чэрвеня здала першыя подпісы — прыблізна 8 тысяч — у раённыя выбарчыя камісіі Гомеля. Пра колькасць подпісаў БелаПАН паведамілі члены яе ініцыятыўнай групы. Подпісы здадзеныя ў Савецкую, Чыгуначную, Цэнтральную, Навабеліцкую і Сельскую выбарчыя камісіі.
Ціханоўская працягне ездзіць па гарадах, каб здаць сабраныя подпісы там, дзе няма каардынатараў ініцыятыўнай групы, бо некаторыя з іх затрыманыя ў межах крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Згодна з заканадаўствам подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі павінны здаваць каардынатары або сам патэнцыйны кандыдат. Тэрмін здачы подпісаў заканчваецца 19 чэрвеня.
Раней Ціханоўская паведаміла, што сабрала 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.
Раніцай 16 чэрвеня яна прыехала ў Гомель для падачы подпісаў. Пры падыходзе да адміністрацыі Савецкага раёна патэнцыйнаму кандыдату патэлефанавалі з невядомага нумара. Ананім заявіў, што калі Ціханоўская падасць подпісы, у яе і яе дзяцей будуць праблемы. „Мяне папярэдзіў невядомы, што мяне могуць пасадзіць, а дзяцей — забраць”, — паведаміла журналістам Ціханоўская. Праз некалькі гадзін яна заявіла, што вырашыла працягваць збор подпісаў у сваю падтрымку, нягледзячы на ананімныя пагрозы.
Муж Ціханоўскай і кіраўнік яе ініцыятыўнай групы — папулярны блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі — знаходзіцца ў сталічным СІЗА-1 як абвінавачаны па справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Ён быў затрыманы 29 траўня ў Гародні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. З боку некалькіх жанчын была спроба перашкодзіць блогеру і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце. У выніку адбыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіла пра распачынанне крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тысяч долараў.
11 чэрвеня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку пракаментаваў ход расследавання справы ў дачыненні да Ціханоўскага і яго паплечнікаў. У прыватнасці ён сказаў, што „выстаўленае абвінавачанне і абраная мера стрымання ў дачыненні да 10 асоб”.
Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітвязнямі. У абарону блогера выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕС і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.
belapan.by